«Платформу» закрыюць (абноўлена, дадалося відэа)


Суддзя Менскага гаспадарчага суда Алег Клюйко прыняў рашэнне зліквідаваць праваабарончую арганізацыю.

Нагодаю для закрыцця арганізацыі, якая бароніць правы вязняў, стала позва Міністэрства падаткаў і збораў.

Канфлікт вакол паштовай скрыні

Паводле абвінавачання, “Платформа” “неаднаразова і груба” парушала заканадаўства: нясвоечасова падавала падатковыя дэкларацыі, размяшчалася не па пададзеным юрыдычным адрасе, – у звязку з чым на яе накладалі штрафныя санкцыі.

Прадстаўнік падатковай інспекцыі Дзмітрый Содзель зазначыў, што арганізацыя не абскарджвала ранейшых штрафаў.

У адказ кіраўнік “Платформы” Андрэй Бандарэнка спаслаўся на інструкцыю Міністэрства юстыцыі аб справаводстве, згодна з якою на бланках арганізацыі падаецца паштовы адрас.

“Некаторыя ўстановы на бланках паказваюць абаненцкую скрыню, але гэта не значыць, што яны знаходзяцца ў гэтай скрыні”, – заявіў Бандарэнка. Ён адзначыў, што ўсё ліставанне з ІМПЗ вялося менавіта праз юрыдычны адрас: туды інспекцыя дасылала лісты і адтуль атрымлівала адказы.

Што да нясвоечасовага падання дэкларацыі аб даходах, то, паводле Бандарэнкі, па-першае, “Платформу” ўжо штрафавалі за гэтае парушэнне; па-другое, арганізацыя аператыўна выправілася і, па-трэцяе, не нанесла гэтым парушэннем ніякай шкоды, бо не займаецца гаспадарчаю дзейнасцю.

Нягледзячы на гэтыя довады, суддзя Клюйко прыняў рашэнне зліквідаваць “Платформу”.

Працяг ціску на праваабаронцаў

Каментуючы вердыкт, Андрэй Бандарэнка падкрэсліў, што “нічога нечаканага не адбылося”. “Усе мы ўжо прызвычаіліся да таго, якім чынам у нас прымаюцца рашэнні суда, асабліва калі гэтыя рашэнні датычаць праваабарончых арганізацыяў ці палітычных структураў. Але цяпер мы на сваім прыкладзе можам даць міжнародным структурам інфармацыю пра тое, якім чынам у Беларусі ажыццяўляецца ціск на праваабарончыя арганізацыі, якім чынам у нас выконваецца міжнароднае права. І хай пасля гэтага сталы прадстаўнік пры міжнародных арганізацыях Міхаіл Хвастоў ці міністр замежных справаў Уладзімір Макей паспрабуюць у ААН або ў АБСЕ растлумачыць, якім чынам у Беларусі выконваюцца правы чалавека і якім чынам праваабаронцы могуць свабодна ажыццяўляць сваю дзейнасць”, – заявіў Бандарэнка. {movie}Андрэй Бандарэнка пра вынік суда|right|6805{/movie}

“Платформу” стварыў Андрэй Бандарэнка пасля таго, як сам правёў за кратамі амаль два гады паводле абвінавачання ў здзяйсненні эканамічнага злачынства. У сакавіку 2011 года Менскі гарадскі суд прызнаў Бандарэнку невінаватым, а ў чэрвені актывіст заснаваў арганізацыю.

Першая ж публічная акцыя, зладжаная намаганнямі “Платформы”, – прэс-канферэнцыя былога зняволенага, які распавёў пра спробу групавога суіцыду ў Глыбоцкай калоніі на знак пратэсту супраць самавольства адміністрацыі, – мела вялікі грамадскі рэзананс.

У лютым 2012 года “Платформа” запачаткавала новы праект – “Маніторынг правоў чалавека ў месцах пазбаўлення волі”, а ў чэрвені Андрэй Бандарэнка паведаміў журналістам, што “Платформа” мае намер расследаваць павелічэнне колькасці смерцяў вязняў у беларускіх калоніях.

21 чэрвеня пракуратура Менску вынесла Бандарэнку папярэджанне “за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь”. Нагодаю стаў зварот “Платформы” да Міжнароднай федэрацыі хакею з заклікам не праводзіць у Беларусі чэмпіянату свету па хакеі 2014 года, “пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітвязні, а таксама не спыняцца рэпрэсіі ў дачыненні праваабаронцаў, журналістаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці”.

А ў чэрвені кіраўніка “Платформы” паставілі на прафілактычны ўлік у КДБ у выніку чаго Бандарэнка не можа выехаць за мяжу.

Бандарэнка неаднаразова заяўляў, што нават у выпадку юрыдычнай ліквідацыі арганізацыя будзе працягваць праваабарончую дзейнасць.

belsat.eu

https://youtu.be/0Qf_LZUVmUw

Глядзі таксама
Каментары