«Вецер пераменаў» у Менску


21 кастрычніка беларускую сталіцу наведаюць легенды сусветнай музыкі – нямецкі гурт “Scorpions”.

Канцэрт адбудзецца ў межах развітальнага турнэ, якое цягнецца ўжо другі год. За гэты час музыкі наведалі пяць кантынентаў. У Іспаніі ў іхны гонар назвалі вуліцу, у Нямеччыне адкрылі музей “Scorpions” з афішамі, плыткамі ды скуранымі курткамі з заклёпкамі ў якасці экспанатаў. На іхных развітальных канцэртах няма вольных месцаў.

Мы былі ўпэўненыя, што выступаем апошні раз. Але тур дагэтуль працягваецца дзякуючы попыту з боку аўдыторыі ды прамоўтараў”, – гаворыць гітарыст гурта Матыяс Ябс.

У межах развітальнага туру “Scorpions” прэзентуюць у Менску сваю наймацнейшую за ўсю гісторыю праграму.

Першая частка турнэ называлася “Sting In The Tail” і выклікала вялізны ажыятаж сярод аўдыторыі ды медыяў. На шматлікія заклікі вярнуцца музыкі адказалі выданнем апошняга альбому “Comeblack”. Перазапісаўшы больш сучасна свае гіты, “Scorpions” працягнулі тур. Другая частка атрымала назву “The Final Sting” і складаецца выключна з гітоў.

Гурт “Scorpions” быў заснаваны ў 1965 г. На яго рахунку больш за 100 мільёнаў прададзеных плытак, 19 студыйных альбомаў, больш за дзвесце залатых, срэбраных і плацінавых узнагародаў.

Арганізатары канцэрту абяцаюць, што ў Менску абавязкова прагучаць такія гіты, як “Wind of Change”, “Rock You Like a Hurricane”, “Moment Of Glory” і “Still Loving You”. Квіткі на канцэрт, што адбудзецца ў “Менск-Арэне”, каштуюць ад 290 000 да 850 000 рублёў.

belsat.eu

Стужка навінаў