Справу «жлобінскага шахіда» перадалі ў суд


Пракуратура Гомельскай вобласці перадала на разгляд у суд Жлобінскага раёну крымінальную справу на жыхара Жлобіна, які абвінавачваецца ў спробе ўчыніць тэракт. Расследаваннем займаўся Камітэт дзяржбяспекі.

24 траўня прыкладна а 12.00 працаўнікамі МУС на месцы ўчынення злачынства быў затрыманы мужчына, які спрабаваў падарваць міліцэйскі пастарунак. Ён быў у масцы з надпісам на арабскай мове і меў ёмістасці з запальнаю сумессю і самаробную выбуховую прыладу магутнасцю прыкладна 5 кг у тратылавым эквіваленце.

1 чэрвеня затрыманаму выставілі абвінавачанне ва ўчыненні злачынства, якое кваліфікуецца згодна з ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 289 КК (замах на ўчыненне акту тэрарызму).

КДБ таксама паведамляў, што “вынікі неадкладных следчых дзеянняў і апытання пацвердзілі прыхільнасць абвінавачанага ідэям радыкальнага ісламізму. Паводле яго словаў, асноўнаю мэтаю ўчынення тэракту было запалохванне насельніцтва ды імкненне адпомсціць органам міліцыі”.

Следства сярод іншага працуе над версіяй, што супрацьпраўныя дзеянні абвінавачанага могуць быць рэакцыяй на спыненне праваахоўнымі органамі шэрагу каналаў нелегальнай міграцыі з краінаў з тэрарыстычнаю актыўнасцю ў Еўропу і затрыманне асобаў, якія маюць дачыненне да іхнай арганізацыі.

Паводле звестак КДБ, самаробную выбуховую прыладу падрыўнік вырабіў самастойна на аснове інфармацыі, якую ўзяў з інтэрнэт-сайтаў радыкальнай скіраванасці. Абвінавачаны растлумачыў, што выбухоўка дзеля ўзмацнення эфекту паражэння была з цвікамі.

belsat.eu

Стужка навінаў