Справа апальнага віцэ-міністра хутка трапіць у суд


Яўгену Полудню, экс-намесніку міністра ўнутраных справаў і былому начальніку міліцыі грамадскай бяспекі, пагражае ад 3 да 10 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасці.

Паводле следства, Полудзень сістэматычна цягам доўгага часу атрымліваў ад працаўнікоў органаў унутраных справаў матэрыяльныя каштоўнасці ды грошы.

Як паведаміў начальнік аддзелу інфармацыі ды сувязяў з грамадскасцю Следчага камітэту Павел Траулька, абвінавачанне Полудню выстаўленае паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу (ч. 3 арт. 424 КК (злоўжыванне ўладаю або службовымі паўнамоцтвамі), чч. 2 і 3 арт. 426 КК (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў асобаю, якая займае адказнае становішча) і ч. 3 арт. 430 КК (атрыманне хабару).

Матэрыялы расследавання накіравалі ў Генеральную пракуратуру, якая мае перадаць іх у суд.

{movie}Любоў Лунёва ў «Гарачым каментары» – фрагмент (11.12.11)|left|6798{/movie}“Вокны кватэры свяціліся ўсю ноч”

Яўгена Полудня затрымалі 8 снежня 2011 г. У “Гарачым каментары” 11 снежня журналістка Любоў Лунёва распавядала гледачам “Белсату”, як гэта адбывалася. Позна ўвечары ў кватэру чыноўніка на ўскрайку сталіцы прыехалі ўзброеныя людзі. У вокнах да самай раніцы гарэла святло – паводле Лунёвай, дзеля таго, каб прыцягнуць увагу суседзяў і надаць справе рэзананс.

Праз тыдзень пасля затрымання Полудню выставілі абвінавачанне ў злоўжыванні ўладаю ці службовымі паўнамоцтвамі (ч. 3 арт. 424 КК).

Ужо сёлета ў лютым распачалі другую крымінальную справу – аб перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў асобаю, якая займае адказнае становішча (ч. 3 арт. 426 КК). Пазней справы аб’ядналі ў адну вытворчасць.

“Падчас акцыяў Полудзень ніколі не брыдкасловіў”

“Мы ведаем, што Яўген Полудзень быў на ўсіх вулічных акцыях апазіцыі, а падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 г. казаў пра недапушчальнасць парушэння парадку. Відаць, ён найбольш вылучаўся сярод гэтых працаўнікоў міліцыі тым, што, напрыклад, ніколі не паводзіў сябе груба. Але ўлетку, як былі маўклівыя акцыі, Полудзень асабіста кіраваў гэтым хапуном”, – згадвала Любоў Лунёва.

Яна дадала, што Полудзень быў чалавекам з каманды дзяржсакратара Савету бяспекі Віктара Шэймана, якога знялі пасля выбуху падчас святкавання Дня Незалежнасці ў Менску ў 2008 г.

belsat.eu

Стужка навінаў