Сталіца Новай Зеландыі зменіць назву ў гонар фільму


Улады новазеландскай сталіцы, Ўэлінґтану (Wellington), пайшлі на беспрэцэдэнтны крок: амаль на месяц горад афіцыйна зменіць назву на «Сярэдзіна Міжзем’я».{movie}Трэйлер стужкі “Хобіт”|left|6781{/movie}

28 лістапада, напярэдадні сусветнай прэм’еры стужкі «Хобіт», якая распавядзе перадгісторыю знакамітага эпасу «Уладар пярсцёнкаў», адміністрацыя Новай Зеландыі зарганізуе грандыёзнае святкаванне: на імпрэзу плануюць выдаткаваць прыблізна $ 1 млн.

Як і папярэднія фільмы паводле твораў англійскага аўтара Джона Толкіна (John Ronald Reuel Tolkien), «Хобіта» здымалі ў Новай Зеландыі, якая можа пахваліцца ўнікальнымі ды разнастайнымі краявідамі. У звязку з гэтым сталічная мэрыя пастанавіла ажно на тры тыдні афіцыйна называць горад «Сярэдзіна Міжзем’я» (The Middle of Middle-Earth).

Менавіта гэтак горад будуць называць у мясцовых медыях, такая назва будзе падавацца на паштовых марках і дарожных указальніках, пад новым найменнем трэба будзе шукаць горад у аэрапортах і г. д.

Стужка «Хобіт», рэжысёрам якой стаў знакаміты Пітэр Джэксан, раскажа пра незвычайнае жыццё хобіта Більба Бэґінза (Bilbo Baggins), які адпраўляецца ў дзівоснае падарожжа, поўнае цяжкасцяў і цудаў.

Менавіта кнігаю «Хобіт» Джон Толкін дэбютаваў у літаратуры. Гэты твор нарадзіўся з казкі, якую пісьменнік прыдумаў для сваіх дзяцей.

belsat.eu
https://youtu.be/player_embedded&v

Глядзі таксама
Каментары