Максіма Жбанкова выключылі з журы фестывалю «Лістапад»


Кінакрытык звязвае рашэнне з ягонаю працаю ў незалежных медыях.

Жбанкова запрасіў у склад журы кінапрэсы праграмны дырэктар кінафестывалю Ігар Сукманаў. Затым яму даслалі афіцыйныя запросіны, а таксама ліст, у якім арганізатары пацвердзілі ўдзел Жбанкова ў журы кінапрэсы.

“А потым мне патэлефанавала каардынатарка міжнародных кантактаў дырэкцыі фестывалю Марыя Кудраватых і сумна паведаміла: маўляў, вельмі шкада, што гэтак атрымалася, але мы былі вымушаныя адклікаць вашае запрашэнне, – сказаў Жбанкоў. – Я ўсё зразумеў і спытаў: “Як я разумею, гэтае рашэнне не вы прынялі, а хтосьці зверху?” Яна мне адказала: “Ну так, так атрымалася”. Выходзіць, у нас дзейнічаюць сакрэтныя чорныя спісы не толькі на музыкаў... Там вось яшчэ што было. Яны мяне папрасілі, каб я даслаў сваю біяграфію – для Міністэрства культуры. Навошта яна ім, незразумела. Я так біяграфіі не адправіў, але яны і без яе хутка зразумелі, што я непажаданы”.

Кінакрытык адзначыў, што падобная сітуацыя з ім склалася пасля таго, як у канцы 1990-х гадоў ён нейкі час працаваў у Фондзе Сораса. “Пасля гэтага на працягу двух гадоў адносна мяне дзейнічала негалосная забарона. Думаю, што вусны цыркуляр падобнага характару існуе і цяпер. І не толькі ў дачыненні маёй персоны. Мяне не пакідае пачуццё дзіўнай абсурднасці таго, што адбываецца. Здавалася б, чаго баяцца кінакрытыка? Але, як бачым, я апынуўся сярод непажаданых людзей”, – канстатаваў публіцыст.

У прэс-цэнтры фестывалю “Лістапад” паведамілі, што ўдзел Жбанкова не быў узгоднены з “вышэйшым начальствам”, аднак удакладніць, чыё гэта было распараджэнне, адмовіліся.

З пачатку новага тэлевізійнага сезону Максім Жбанкоў вядзе аўтарскую праграму на нашым тэлеканале.

belsat.eu

Стужка навінаў