Міліцыя пабіла журналіста «без складу злачынства»


Упраўленне ўнутраных справаў Фрунзенскага раёну Менску адмовілася заводзіць крымінальную справу на міліцыянтаў, што збілі фотакарэспандэнта “Associated Press” Сяргея Грыца.

Інцыдэнт адбыўся 18 верасня падчас перадвыбарчага пікету з раздаваннем баршчу “ад Лідзіі Ярмошынай”, які ладзілі актывісты грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!” і яе моладзевага крыла “Zмена”. Удзельнікі акцыі паспелі дастаць рондаль і распаліць газоўку, пасля чаго іх разагналі невядомыя ў цывільным. Пікетоўцаў і журналістаў затрымлівалі з ужываннем грубай сілы. Грыцу разбілі акуляры, паранілі твар. Затрыманых журналістаў неўзабаве адпусцілі, папярэдне выдаліўшы ўсе фота- і відэаматэрыялы.

Раніцаю 19 верасня Сяргей Грыц зноў наведаў Фрунзенскае РУУС, дзе напісаў заяву аб нанясенні яму траўмы і далучыў пяць фатаграфіяў, на якіх зафіксаваны момант затрымання. Здымкі, зробленыя ягонымі калегамі, удалося захаваць ад працаўнікоў міліцыі.

7 кастрычніка журналіст атрымаў афіцыйны адказ з УУС Фрунзенскага раёну, з якога вынікае, што ўпраўленне ўнутраных справаў правяло праверку паводле заявы і “не знайшло ў дзеяннях сваіх працаўнікоў складу злачынства”.

“Далей абскарджваць дзеянні працаўнікоў міліцыі ды дамагацца іх пакарання я не намерваюся, бо ў нашай сістэме правасуддзя гэта не мае сэнсу”, – заявіў журналіст.

belsat.eu

Стужка навінаў