Вядомыя першыя лаўрэаты сёлетняй Нобелеўскай прэміі


У пятніцу мы даведаемся, ці атрымае прэмію міру палітвязень Алесь Бяляцкі.

Сёння, 8 кастрычніка, абвяшчэннем першых уладальнікаў адной з самых прэстыжных прэміяў у свеце распачаўся Нобелеўскі тыдзень, які працягнецца да 15 кастрычніка.

Лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі ў галіне медыцыне і фізіялогіі за 2012 г. на рашэнне Шведскай каралеўскай Акадэміі навук сталі брытанец Джон Гэрдан і японец Сінья Яманака. Ганаровая ўзнагарода была прысуджаная даследчыкам за адкрыццё ў галіне камлёвых клетак. Лаўрэаты пароўну падзеляць паміж сабою грашовае ўзнагароджанне.

Нобелеўская прэмія за кланаваную жабу

Джон Гэрдан яшчэ ў 1962 г. здолеў кланаваць жабу з ядра клеткі апалоніка, паказаўшы, што эмбрыянальныя клеткі здольныя даць пачатак новаму арганізму. Праз больш чым сорак гадоў, у 2006 г., японскі даследчык Сінья Яманака ўпершыню ў свеце атрымаў камлёвыя клеткі, якія могуць развівацца ў клеткі любога кшталту.

Ці ўганаруюць беларуса?

У аўторак і сераду абвесцяць імёны ўладальнікаў прэміі ў галіне фізікі ды хіміі. Дзень абвяшчэння нобелеўскага лаўрэата 2012 г. у галіне літаратуры пакуль невядомы.

На сёлетнюю прэмію міру, імя атрымальніка якой стане вядомае ў пятніцу ў Осла, намінаваны 231 чалавек. Сярод кандыдатаў і беларускі праваабаронца, палітвязень Алесь Бяляцкі. На прэмію міру намінаваная таксама асуджаная за перавышэнне паўнамоцтваў экс-прэм’ер Украіны Юлія Цімашэнка.

Фінальным акордам Нобелеўскага тыдня стане абвяшчэнне лаўрэата прэміі за дасягненні ў галіне эканомікі ў панядзелак 15 кастрычніка.

Колькі складае ўзнагарода?

Нобелеўская прэмія ўручаецца з 1901 г. Традыцыйна цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў праходзіць у дзень смерці Альфрэда Нобеля – 10 снежня. Памер грашовай узнагароды складае 10 млн шведскіх кронаў (1 410 000 долараў ЗША). Усе прэміі ўручаюцца ў Стакгольме, за выключэннем прэміі міру, уручэнне якой праходзіць у Осла.

belsat.eu

Стужка навінаў