«Вось у чым талент і яркасць мая». Чарговыя перлы ад Лукашэнкі


Кіраўнік Беларусі распавёў, у чым сакрэт ягонага поспеху і чаму ніхто не можа знайсці ягоных $ 11 млрд.

7 кастрычніка тэлерадыёкампанія “Мир” паказала фрагменты эксклюзіўнага інтэрв’ю, запісанага з Аляксандрам Лукашэнкам 4 кастрычніка.

Сакрэт поспеху

“Я памятаю тыя першыя выбары, калі народ адчуў пасля распаду Саюзу, што мы ў бездань ляцім. Кульгавыя, якія ляжалі гадамі ў ложку, не падымаліся, хворыя, яны дзецям не давяралі, падымаліся, ішлі, на насілках неслі некаторых, але яны ішлі за Лукашэнку галасаваць. Я што, магу іх падвесці? Ды хто я такі? Супраць такой волі ды такіх пачуццяў народу? Я быў бы падонкам, ідыётам, калі б я здрадзіў свайму народу. Вось у чым талент і яркасць мая. Я ніколі не казаў таго, чаго я не рабіў ці не змагу зрабіць”, – такі быў адказ на пытанне пра сакрэт поспеху.

“Ніхто сёння грошай Лукашэнкі не знайшоў”

“Мяне шмат чым папракалі, – адзначыў ён. – І ў мяне 11 млрд долараў <…>. Проста трэба было ў перадвыбарчую кампанію мяне неяк там ушчыкнуць. Але народ гэтаму не паверыў. А я наўпрост сказаў: у мяне ёсць гэтыя 11 млрд. Нават Буш аднойчы сказаў. Я яму ліст напісаў: забярыце. Ужо што-што, але 11 млрд не схаваеш. Гэта там 11 вагонаў грошай, напэўна. Забярыце, кажу. Ніхто сёння грошай Лукашэнкі не знайшоў і не забраў. І галоўнае, людзі гэтаму не вераць – і правільна робяць. Так, Лукашэнка не цукар, але ён справядлівы”, – заявіў прэзідэнт сам пра сябе.

“Брусельскія палітыкі не ведаюць, дзе тая Беларусь”

Узаемаадносіны Беларусі з Еўразвязам прэзідэнт назваў “суцэльным, бесперапынным прыкладам таго, як Еўрапейскі Звяз хоча перавярнуць не толькі гісторыю, але і нашую краіну”.

“Вось цяпер я паглядзеў у дакумент: раіліся пасля парламенцкіх выбараў у Еўрапейскім Звязе чыноўнікі ды палітыкі. Значыць, паколькі ў парламент не прайшоў ні адзін апазіцыянер, цытую, “выбары ў Беларусі былі недэмакратычныя”. Слухайце, ну гэта ж абсурд! А калі б прайшоў адзін апазіцыянер ці два – гэта што, дэмакратычныя б былі?” – абураецца кіраўнік краіны.

Паводле яго, замежнікі ўпотай беларускімі выбарамі захапляюцца, а ў справаздачах “пішуць тое, што нарыхтавалі ім брусельскія палітыкі, якія наагул, напэўна, не ведаюць, дзе размешчаная гэтая Беларусь, а калі і ведаюць, то думаюць, што тут, акрамя балота і дзвюх рачулак, нічога няма”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары