У Расеі адзначаюць юбілей Уладзіміра Пуціна


Па ўсёй краіне праходзяць урачыстыя імпрэзы з нагоды 60-годдзя расейскага прэзідэнта.

Выставы і маршы, святочныя дырыжаблі і лабрадоры – усё гэта запланавана на юбілей Пуціна ў сталіцы. «Маладая гвардыя адзінай Расеі» зняла віншавальны ролік, у якім актывісткі арганізацыі перамагаюць ЗША ў хакей, падымаюць амфары са дна мора, лятаюць на знішчальніках звяна «Стрыжы» і паўтараюць іншыя знакамітыя ўчынкі расейскага лідара. {movie}Віншавальны ролік ад “Маладой гвардыі адзінай Расеі”|right|6774{/movie}

Рух «Мясцовыя» ладзіць акцыю «Падцягніся за Пуціна» на Сувораўскай плошчы Масквы. Актывісты прапагандуюць здаровы лад жыцця, якога трымаецца расейскі прэзідэнт, прысвячаючы таму кожнае падцягванне.

Для ахвотных дакрануцца да мастацтва з нагоды свята мастак Аляксей Сергіенка прэзентуе выставу «Прэзідэнт. Найдабрэйшай душы чалавек». Выявы Пуціна ў атачэнні рамонкаў і дзяцей ідуць у адным шэрагу з ілюстрацыямі ягоных дасягненняў на пасту прэзідэнта: Пуцін з тыграм/качанём/шчанём/Мядзведзевым, Пуцін з аголеным торсам на кані, слёзы Пуціна на мітынгу ягоных прыхільнікаў і Пуцін на матацыкле. {movie}Святкаванне юбілея Пуціна|right|6775{/movie}

«Ідэя стварэння гэтай выставы з’явілася пасля таго, як я ўбачыў, як Пуцін плакаў на Манежнай плошчы. Гэта мяне ўразіла, і ўначы я намаляваў першую карціну. Раніцаю падумаў, што трэба намаляваць яшчэ, і ў выніку атрымалася цэлая калекцыя», – падзяліўся Сергіенка.

Мастак спадзяецца, што на выставу завітае хтосьці з чыноўнікаў або зорак эстрады. Тады праз гэтую знакамітую асобу ён зможа перадаць адну з карцінаў юбіляру.

Актывісты руху «Наши» прывялі на выставу Сергіенкі некалькі чорных лабрадораў. Ідэя звязаная з тым, што ў Пуціна ёсць сабака гэтай пароды на мянушку Коні.

Памятае пра юбілей прэзідэнта і апазіцыя. У Маскве зладзяць флэш-моб «Праводзім дзядулю на пенсію»: арганізатары заклікаюць скласці пад адміністрацыяй прэзідэнта падарункі, якія могуць спатрэбіцца чалавеку на заслужаным адпачынку.

belsat.eu

Стужка навінаў