Шэсце «Дзяды» пройдзе 28 кастрычніка


Кансерватыўна-хрысціянская партыя – БНФ ужо падала адпаведныя заяўкі на дазвол правесці шэсце ў Менгарвыканкам і Менаблвыканкам.

Намеснік старшыні партыі КПХ – БНФ Юрый Беленькі спадзяецца, што ўдзел у шэсці возьмуць ад 3 да 5 тыс. чалавек.

«Маршрут шэсця і мітынгу традыцыйны – збор а 10:30 каля гадзіннікавага заводу «Прамень», затым шэсце па маршруце: праспект Незалежнасці – вуліца Каліноўскага – вуліца Сядых – вуліца Карбышава – вуліца Гамарніка – вуліца Мірашнічэнкі. Мітынг у Курапатах павінен пачацца а 15-й гадзіне», – паведаміў Беленькі.

Напярэдадні акцыі, 27 кастрычніка, ва ўрочышчы Курапаты традыцыйна пройдзе талака для добраўпарадкавання мемарыялу і ўборкі тэрыторыі. «Мы ведаем, што амаль кожны год напярэдадні дня памінання продкаў там адбываюцца непрыемныя рэчы: вандалы ламаюць крыжы і гэтак далей. Таму напярэдадні мы прывядзем тэрыторыю ў парадак», – папярэдзіў намеснік старшыні КХП – БНФ.

Партыя таксама традыцыйна праводзіць яшчэ адну акцыю, прысвечаную дню памінання продкаў – шэсце ад Палацу культуры камвольнага камбінату па вуліцы Маякоўскага да Лошыцкага яру. На гэтае шэсце заяўка пакуль не падавалася, але, паводле Беленькага, гэтая акцыя праходзіць праз тыдзень пасля шэсця ў Курапаты. «Я думаю, 8 кастрычніка на паседжанні сойму партыі мы вызначымся з заяўкай і на гэтае мерапрыемства», – падсумаваў ён.

belsat.eu

Стужка навінаў