Выбары ў Венесуэле: трэці тэрмін Чавэса ці перамога апазіцыі?


https://youtu.be/31Q7ltk7H0o
У краіне праходзяць прэзідэнцкія выбары, і ўпершыню з 1998 г. аб’яднаная вакол кандыдата Энрыке Капрылеса апазіцыя можа перамагчы.

Рэвалюцыя працягваецца!

Ужо больш за 14 гадоў Уга Чавэс праводзіць у сваёй краіне «сацыялістычную рэвалюцыю». Дзякуючы багатым запасам нафты, прэзідэнт Венесуэлы вядзе антыамерыканскую палітыку, падтрымліваючы тых, хто мае блізкія погляды, напрыклад, Беларусь.

Каб падкрэсліць поспехі абранага курсу, у дзень галасавання ўсе супермаркеты запоўненыя таварамі па зніжаных коштах. Да крамаў утварыліся велізарныя чэргі, бо людзі баяцца, што не паспеюць зрабіць пакупак перад мітынгам апазіцыі.

«Людзі збіраюць запасы на выпадак, калі штосьці здарыцца. Пратэстоўцы могуць заблакаваць вуліцы, магчыма, ужо ў панядзелак усё будзе зачынена. Яны могуць паліць шыны або штосьці ў гэтым стылі», – кажа прыхільнік Чавэса.

«Вось чаго мы баімся: калі Капрылес пераможа, прыхільнікі Чавэса могуць выйсці на вуліцы, і тады ў краіне будуць сапраўдныя праблемы», – каментуе ажыятаж у крамах прыхільніца апазіцыі, якая таксама закупаецца прадуктамі «на ўсялякі выпадак».

Далёка не ўсе краіны падтрымліваюць «рэвалюцыю» Чавэса, таму на выбары дапусцілі толькі назіральнікаў ад Саюзу паўднёваамерыканскіх нацыяў.

Апазіцыя аб’яднаная

Энрыке Капрылеса падтрымліваюць каля 30 апазіцыйных партыяў. Няўдалая спроба дзяржаўнага перавароту ў 2002 г. і правалены рэферэндум аб адхіленні Чавэса ад прэзідэнцкай пасады паказаў, што прэзідэнт мае рэальнае падтрыманне ў грамадстве.

Гэтым разам апаненты ўладаў у асобе Капрылеса абяцаюць вярнуць краіне эканамічны рост і абмежаваць кантакты з аўтарытарнымі краінамі, у тым ліку з Беларуссю.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары