Турцыя і Сірыя: вайсковыя дзеянні без абвешчання вайны


Сёння зранку турэцкія вайскоўцы абстралялі тэрыторыю Сірыі. Анкара заяўляе, што гэта адказ на мінамётны абстрэл прымежнай вёскі Гювэччы (Güveççi). Падчас абодвух артабстрэлаў ніхто не пацярпеў.

Гэта ўжо другі раз, калі сірыйскі бок вядзе агонь па турэцкай тэрыторыі. У сераду, падчас абстрэлу мястэчка Акчакале (Akçakale), загінулі пяцёра турэцкіх мірных грамадзянаў, у тым ліку дзеці. Анкара адказала шчыльным артабстрэлам, у выніку якога забілі, паводле розных звестак, ад дзесяці да дваццаці сірыйскіх вайскоўцаў.

Пасля першага інцыдэнту Дамаск ужо паспеў папрасіць прабачэння, назваўшы абстрэл памылкаю. Нібыта ў той час урадавыя войскі вялі бой з паўстанцамі ды выпадкова абстралялі тэрыторыю Турцыі.

Аднак турэцкі парламент на адмысловым паседжанні дазволіў у выпадку патрэбы сваім войскам “весці ваенныя дзеянні на сірыйскім баку мяжы”. Турэцкі прэм’ер Ахмэт Давутаглу пагражае “неадкладнаю помстай” у выпадку чарговых правакацый з сірыйскага боку. {movie}Прэм’ер Турцыі пра канфлікт з Сірыяй|right|6764{/movie}

Збройны канфлікт з Турцыяй дабіў бы рэжым Башара аль-Асада, які давёў краіну да стану грамадзянскай вайны. Паводле адмыслоўцаў, падчас канфлікту загінулі не менш за 30–35 тысячаў чалавек.

belsat.eu

Стужка навінаў