Заданне для Акадэміі навук: спраўдзіць тэорыю імавернасці на выніках галасавання


Адпаведны ліст назіральнік за парламенцкімі выбарамі з Магілёва накіраваў у галоўную навуковую ўстанову краіны.

Нагодаю для звароту ў Акадэмію навук сталі вынікі галасавання на ўчастку № 53 Магілёўскай-Цэнтральнай выбарчай акругі № 85, якія, паводле Аляксея Паўлоўскага, цалкам ставяць пад сумнеў тэорыю імавернасці.

“Я не першы раз назіраю за хадою выбараў на дадзеным участку. Гэтым разам склад камісіі быў цалкам абноўлены, і таму камісія спрабавала выконваць працэдуру падліку галасоў выбарнікаў, – распавёў Аляксей Паўлоўскі Правааабрончаму цэнтру “Вясна”. – На маім участку дома галасавалі ўсяго некалькі дзясяткаў чалавек. Пры ўскрыцці скрыняў для галасавання бюлетэні падлічвалі з кожнай скрыні паасобку, чаго не было на іншых участках”.

Паводле назіральніка, са скрыні для датэрміновага галасавання дасталі 880 бюлетэняў; у скрыні для асноўнага дня галасавання іх было 560. “Натуральна, што 880 чалавек, альбо 60% выбарнікаў участку, прагаласаваць датэрмінова не маглі. Гэта было бачна па тым, як стосамі вывальваліся з скрыні бюлетэні”, – каментуе Аляксей Паўлоўскі.

Паводле яго, вынікі аказаліся наступныя. У датэрміновым галасаванні за праўладнага кандыдата, пракурора Эдуарда Сянькевіча, выказаліся 680 выбарнікаў, за ягонага найбліжэйшага канкурэнта, Таццяну Кузьмянкову, – 60. Рэшта, 140 галасоў, размеркаваліся паміж іншымі кандыдатамі ды “супраць усіх”.

“Калі ж падлічылі бюлетэні ў скрыні з асноўнага дня галасавання, то за Эдуарда Сянькевіча было 180 галасоў, а за Кузьміну – 150. У першай скрыні суадносіны галасоў за Кузьмянкову і Сянькевіча склалі 1:10, а ў другой – амаль 1:1”, – абураецца сп. Паўлоўскі.

Вось тут, паводле назіральніка, і ўзнікае казус тэорыі імавернасці: як такое можа быць? “Агульны настрой выбарнікаў звычайна сіметрычна адлюстроўваецца ў розных скрынях”, – абгрунтоўвае свае сумневы назіральнік.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары