За заробак «у канверце» будуць караць толькі працадаўцу


Міністэрства падаткаў і збораў падрыхтавала праект указу аб некаторых захадах для перадухілення выплаты заробку “ў канвертах”.

Цяпер, паводле намесніка міністра Васіля Камянко, наёмны працаўнік, які паведаміць пра свой заробак “у канверце”, будзе цалкам вызваляцца ад адказнасці і неабходнасці выплачваць падаходны падатак з уласных сродкаў. Гэты абавязак перакладуць на нядобрасумленнага працадаўцу. Юрыдычная асоба аддасць дзяржаве адначасовую выплату астатняй часткі схаваных падаткаў, а таксама на яе ўскладуць адміністратыўную адказнасць за парушэнне.

Для бізнесоўцаў новы праект указу стаўся сюрпрызам. Паводле старшыні Менскага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзіміра Карагіна, ніводзін з саюзаў прадпрымальнікаў не бачыў гэтага дакументу, які ўжо цяпер ляжыць на стале ў Адміністрацыі прэзідэнта. “Існуе рэгламент Савету Міністраў па абавязковым узгадненні такіх дакументаў з Саветам па развіццю прадпрымальніцтва, аднак з намі ніхто нічога не абмяркоўваў”, – адзначыў Уладзімір Карагін. Ён таксама звярнуў увагу на тое, што новы праект указу супярэчыць курсу па лібералізацыі эканомікі. “Гэта вельмі аднабаковае ўяўленне пра рашэнне гэтай праблемы, не сістэмнае і не комплекснае, – мяркуе эксперт. – Для таго каб спыніць “шэрыя заробкі”, трэба спыніць карупцыю і “ценявы” бізнес. А таксама трэба зрабіць так, каб і працадаўца, і супрацоўнік адчувалі сябе падаткаплацельшчыкамі. Гэта значыць, як і ў іншых сацыяльных дзяржавах, трэба ўсім плаціць 50/50 падаткаў. Цяпер жа большая частка сацыяльнага падатку ўскладзеная на працадаўцу”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары