КДБ заявіў аб перадухіленні экспарту 100 кг выбухоўкі ў Еўразвяз


Упершыню ў гісторыі суверэннай Беларусі на беларуска-польскім памежжы знайшлі схоў з амаль цэнтнерам пластыкавай выбухоўкі, паведаміў кіраўнік КДБ Беларусі Вадзім Зайцаў.

Паводле спецслужбаў, буйная партыя выбуховага рэчыва прызначалася для транспартавання ў краіны Еўразвязу.

Зайцаў заўважыў, што Беларусь праз сваё геаграфічнае становішча ёсць бар’ерам на шляху пранікнення злачынных элементаў у Заходнюю Еўропу. Прычым, як адзначыў начальнік камітэту, у прымежнай злачыннасці апошнім часам усё мацней праяўляе сябе тэрарызм і экстрэмізм.

“У 2012 годзе мы фіксуем значную актывізацыю злачынных групаў, якія дзеяць на еўрапейскім кірунку і спецыялізуюцца на нелегальнай міграцыі, наркатрафіку, кантрабандзе, у тым ліку зброі ды сродкаў паражэння”, – канстатаваў кіраўнік КДБ.

Зайцаў заўважыў, што павышаная міграцыя жыхароў Блізкага Усходу і Цэнтральнай Азіі абумоўліваецца падзеямі «арабскай вясны» і, на ягоную думку, колькасць нелегальных мігрантаў будзе толькі павялічвацца.

belsat.eu

Стужка навінаў