Зміцер Дашкевіч спыніў галадоўку


Як паведаміў палітвязень адвакату, галадоўка прымусіла адміністрацыю лепш ставіцца да яго.

19 верасня Дашкевіч паступіў у Мазырскую папраўчую калонію, а ўжо 21-га абвесціў галадоўку ў сувязі з “нечалавечымі паводзінамі адміністрацыі калоніі, у тым ліку начальніка калоніі Юрыя Збароўскага”. Паводле інфармацыі праваабарончай арганізацыі “Платформа”, Дашкевіча рэгулярна выклікалі на камісію кіраўнікоў калоніі, дзе яго абражалі “ў грубай форме”; пагражалі зрабіць з яго псіхічнахворага, змясціць у штрафны ізалятар, дзе, паводле начальніка рэжымнага аддзелу, яго згвалцяць; не абышлося і без банальных пагрозаў забойства.

Лідар “Маладога фронту” лічыць, што стаўленне змянілася дзякуючы шматлікім галасам у ягоную абарону – заявам і зваротам праваабаронцаў, палітыкаў, міжнароднай грамадскасці, усіх неабыякавых да ягонага лёсу людзей, а таксама з прычыны пільнай увагі медыяў, падкрэсліла нявеста палітвязня Наста Палажанка.

У звязку з гэтым Дашкевіч, паводле яе, прасіў перадаць словы ўдзячнасці журналістам, якія ўзнялі гэтую тэму, праваабаронцам, хрысціянам, што маліліся за яго і пісалі звароты, у тым ліку біскупу Аб’яднанай царквы хрысціянаў веры евангельскай Сяргею Цвору.

Пасля галадоўкі Дашкевіч, як распавёў ягоны адвакат, “выглядае вельмі стомленым, схуднелым”.

Чарговая справа?
Таксама стала вядома, што 4 кастрычніка Змітра на месяц перавялі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ).

“Гэта значыць, што ён хоць і не ў атрадзе, але можа атрымліваць карэспандэнцыю, чытаць газеты і гэтак далей”, – патлумачыла Палажанка. Аднак, паводле яе, змяшчэнне зняволенага ў ПКТ на месяц можа сведчыць пра тое, што супраць яго збіраюцца завесці чарговую справу паводле арт. 411 (зацятае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Бо звычайна ў ПКТ змяшчаюць на тры-шэсць месяцаў”, – сказала Палажанка. Яна нагадала, што менавіта паводле гэтага артыкулу Дашкевіча асудзілі на год пазбаўлення волі 28 жніўня. “Вельмі верагодна, што асудзяць ізноў”, – сказала яна.

Змітра Дашкевіча і ягонага паплечніка з “Маладога фронту” Эдуарда Лобава затрымалі напярэдадні апошніх прэзідэнцкіх выбараў, 18 снежня 2010 года, паводле абвінавачання ў збіцці двух мужчынаў. Прадстаўнікі апазіцыі ды праваабаронцы ўспрынялі іхны арышт як прэвентыўную захаду для “зачысткі” грамадства перад выбарамі. У сакавіку 2011 года суд прыгаварыў Дашкевіча да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Лідар “Маладога фронту” адбываў пакаранне ў ВК-13 у Глыбокім. 28 жніўня Глыбоцкі раённы суд на закрытым выязным паседжанні ў калоніі прызнаў Дашкевіча вінаватым у зацятым непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі ды прысудзіў яго да года пазбаўлення волі. У тэрмін пакарання ўключылі чатыры месяцы, якія актывісту заставалася адбыць у калоніі па першай крымінальнай справе.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары