Гарадзенскія гісторыкі ў адказ на рэпрэсіі заснавалі прэмію


Узнагароду імя Юзафа Ядкоўскага атрымае прадстаўнік інтэлігенцыі, навуковец, грамадскі дзеяч, які зрабіў значны ўнёсак у вывучэнне гісторыі і культуры Горадні.

Прэмія ўзнікла як адказ супольнасці гісторыкаў на звальненне дацэнта Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту Андрэя Чарнякевіча.

Фармальнаю прычынаю звальнення сталі быццам бы спазненні Чарнякевіча на лекцыі. Аднак відавочна, што яго звольнілі за ўдзел у працы аўтарскага калектыву, які склаў падручнік па гісторыі Горадні “Гродназнаўства”.

“Гісторыкі – гэта адукаваныя людзі з пачуццём уласнай годнасці, – распавёў “Белсату” доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч. – Калі нас пераследуюць, такія акцыі салідарнасці – абсалютна натуральныя”.

Краўцэвіч разам з калегам Алесем Смаленчуком падрыхтавалі праект адкрытага звароту да міністра адукацыі Сяргея Маскевіча з просьбаю адмяніць незаконнае рашэнне ў дачыненні Чарнякевіча.

“У горшых традыцыях камуністычнага таталітарызму некаторыя службовыя асобы праявілі недарэчную “ідэалагічную пільнасць” адносна працы, якая прайшла прафесійнае рэцэнзаванне, двойчы друкавалася ўніверсітэцкім выдавецтвам і рэкамендавана да ўжывання ў гарадзенскіх школах на факультатыўнай аснове”, – адзначаецца ў звароце.

Пад лістом падпісаліся каля 20 прафесійных гісторыкаў – кандыдатаў і дактароў навук.

“Подпісы яшчэ збіраюцца. Асаблівай павагі заслугоўваюць калегі, якія працуюць у дзяржаўных установах і з гэтага кормяць свае сем’і. Першая рэакцыя рэпрэсіўных органаў – гэта выкінуць чалавека з працы. Паставіць свой подпіс пад лістом тым, хто эканамічна не звязаны з гэтай дзяржавай, нашмат прасцей”. – кажа Алесь Краўцэвіч

Гэта не першы акт публічнае салідарнасці з боку гарадзенскіх гісторыкаў. У 2008 годзе Алеся Смаленчука і Алеся Краўцэвіча выкраслілі са спісу ўдзельнікаў навуковай канферэнцыі на гістарычным факультэце Гарадзенскага ўніверсітэту. Падставаю для гэтага стаў актыўны ўдзел навукоўцаў у кампаніі абароны Горадні ад т. зв. рэканструкцыі. Тады на знак салідарнасці дзясяткі гісторыкаў добраахвотна адмовіліся ад выступу на гістфаку ды заснавалі альтэрнатыўную навуковую канферэнцыю – “Гарадзенскі палімпсест”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары