Сацыяльныя педагогі цікавяцца ўмовамі жыцця дзяцей актывіста БХД Дзяніса Садоўскага


Прычына – частыя затрыманні адказнага сакратара «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі». Дзяніс упэўнены, што такім чынам улады спрабуюць націснуць на яго і ягоную сям’ю.

Адказны сакратар аргкамітэту для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі быў адным з каардынатараў кампаніі байкоту ў Менску. 28 жніўня ён быў затрыманы падчас расклейвання плакатаў за байкот выбараў і прыгавораны ў судзе Фрунзенскага раёну Менску да 10 дзён арышту.

5 кастрычніка ў кватэру Садоўскага ў звязку з ягонымі неаднаразовымі затрыманнямі прыйшла сацыяльны педагог з цэнтру сацыяльна-педагагічнай апекі Савецкага раёну сталіцы Галіна Гаўрылава, каб праверыць, у якіх умовах жывуць ягоныя дзеці: трохгадовы сын і пяцімесячная дачка. Пры гэтым Гаўрылава груба пагражала праблемамі ў сям’і адказнага сакратара БХД, а не знайшоўшы яго абяцала шукаць актывіста з міліцыяй.

Дзяніс Садоўскі ацэньвае і свой арышт 28 жніўня, і візіт сацыяльнага педагога як палітычна матываваныя ды мяркуе, што ўлады гэткім чынам аказваюць на яго ціск.

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі заявіў, што дзеянні ўладаў у гэтым выпадку вельмі нагадваюць ціск на сям’ю экс-кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава. Тады спецслужбы пагражалі забіць і выкрасці ягонага трохгадовага сына. «Гэта ўжо нават не аўтарытарныя метады. Гэта метады гітлераўскага гестапа, калі пачынаюць пагражаць малым дзецям», – падкрэсліў Рымашэўскі.

belsat.eu

Стужка навінаў