АГП перасцерагае: Таемная прыватызацыя ў Беларусі – гэта скуп крадзенага


Аб’яднаная грамадзянская партыя гаворыць, што ў выніку сакрэтнай прыватызацыі, якую праводзіць кіраўніцтва дзяржавы, «праз пару гадоў мы можам прачнуцца ў краіне, якая нам не належыць».

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька агучыў сёння, што бліжэйшым часам улады плануюць прыватызаваць буйныя беларускія прадпрыемствы. «Мы не супраць прыватызацыі, але гэтая прыватызацыя павінна быць адкрытаю. Лукашэнка ж неаднаразова заяўляў, што дакументы на прыватызацыю ляжаць у яго ў сейфе, прыходзьце і бярыце. Адсюль і наш тэрмін – «сейфавая прыватызацыя», – сказаў Лябедзька.

«У нас ёсць праект закону, які жорстка рэгламентуе прыватызацыю. Гэта канструктыўная пазіцыя. Тое ж, што адбываецца цяпер, інакш як скупам крадзенага не назавеш», – заявіў Лябедзька.

Палітык падкрэсліў, што «ўгоды для продажу дзяржаўнай уласнасці нікім не кантралююцца». «Куды накіроўваюцца атрыманыя сродкі, застаецца таямніцаю для грамадзянаў Рэспублікі Беларусь. Хто скажа, куды падзеліся 5 мільярдаў долараў, якія Расея заплаціла за «Белтрансгаз»?» – задаўся пытаннем старшыня АГП.

Таму, паводле яго, «угоды для продажу дзяржаўнай уласнасці, якія ажыццяўляюцца рэжымам Лукашэнкі, не адпавядаюць інтарэсам беларускага народу і не могуць лічыцца законнымі».

Лябедзька мяркуе, што пасля падзення рэжыму Лукашэнкі любы грамадзянін Беларусі зможа запатрабаваць «адкрыцця крымінальнай справы па факце незаконнай прыватызацыі ды патрабаваць вяртання маёмасці ва ўласнасць Рэспублікі Беларусь».

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары