Лукашэнка: Беларусь – неад’емная частка сучаснай вялікай Еўропы


Прымаючы сёння даверчыя граматы ад паслоў шэрагу замежных дзяржаваў, у тым ліку краінаў Еўразвязу, Аляксандр Лукашэнка заклікаў ЕЗ адмовіцца ад «бессэнсоўнага ціску на Беларусь» і «шукаць кропак сутыкнення».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў падчас спаткання з дыпламатамі, што Беларусь ёсць «неад’емнаю часткаю сучаснай вялікай Еўропы». «Мы раздзяляем агульную адказнасць за яе [Беларусі] будучыню, гатовыя актыўна ўзаемадзейнічаць з еўрапейскімі дзяржавамі ў інтарэсах росквіту і бяспекі ўсяго кантыненту», – адзначыў кіраўнік краіны.

Лукашэнка выказаў спадзяванне, што заходнія дзяржавы адмовяцца «ад бессэнсоўнага ціску на краіну» і зробяць адпаведныя крокі для аднаўлення даверу да сябе як да сур’ёзных партнёраў і добрых суседзяў.

«Ментарскі тон і нібыта адзіны заходні светапогляд колькі хочаце могуць навязвацца краінам, якія бачаць сябе ў будучыні часткай Еўразвязу. Але гэта не адносна Беларусі, – падкрэсліў ён. – На шляху эвалюцыйных пераўтварэнняў ці, калі хочаце, мадэрнізацыі палітычнай і эканамічнай сістэмы ў інтарэсах нашага народу мы не будзем дзеяць на ўказанне звонку».

Звяртаючыся да дыпламатаў з краінаў Еўразвязу, Аляксандр Лукашэнка выказаў гатоўнасць да супрацы: «Думаю, час нам ужо адмовіцца ад гэтых стэрэатыпаў і стандартных абвінавачанняў з боку Еўразвязу на адрас Беларусі. Час ужо шукаць кропак сутыкнення, я думаю, гэта галоўнае».

belsat.eu

Стужка навінаў