Пасварыўся з бацькамі – адрэзаў сабаку галаву


Самыя гучныя выпадкі жорсткага абыходжання з жывёлаю ў Беларусі – па версіі абаронцаў братоў нашых меншых.

У Міжнародны дзень аховы жывёлы (4 кастрычніка) актывісты грамадскіх аб’яднанняў і эколагі расказалі “Белсату” пра катаванні хатняе жывёлы і пра тое, ці караюць вінаватых у пакутах братоў нашых меншых.

Адрэзаў даберману галаву – не маглі дамовіцца, хто будзе выгульваць

“Некалькі месяцаў таму адзін чалавек узяў ад нашых валанцёраў дабермана Эйса. Пасля канфліктаў з бацькамі наконт таго, хто будзе выгульваць сабаку, ён адрэзаў Эйсу галаву. За гэта далі 15 дзён арышту – максімум паводле нашага закону”, – абураецца сябра грамадскага аб’яднання абароны жывёлы “Эгіда” Наталля Зайцава.

15 дзён – занадта малое пакаранне, кажа актывістка і тут жа ўзгадвае не менш жахлівы выпадак: гаспадар выкінуў сабаку з 11-га паверху. Забойцу аніяк не пакаралі. “Мы імкнемся шукаць вінаватых і прыцягваць іх да адказнасці. Але такіх судоў вельмі мала, каб змяніць агульную сітуацыю”.

Пераехалі пітбуля – выйшлі, спраўдзілі, ці не падрапаў машыны…

“Менш за месяц таму на МКАДзе дзяўчына на аўта збіла пітбуля. Машына спынілася, выйшаў пасажыр, паглядзеў, ці няма драпінаў на кодаўбе, сеў – машына з’ехала. Сабака застаўся ляжаць на дарозе. Нам затэлефанавалі відавочцы. Цяпер сабака ў нас. Лечым яго, як можам”, – дзеліцца валанцёрка моладзевага грамадскага аб’яднання “Суперкот” Наталля.

Котку выкінулі з 8-га паверху

Летам валанцёры забралі з прадпрыемства “Фаўна гораду” котку са зламанымі лапамі, хвастом і разбітаю пыскаю, у поўсці завяліся мухі. Высветлілася, што котку падабралі пенсіянеры. Яны бачылі, як яе ў пакеце выкінулі з акна 8-га паверху.

Паводле Наталлі, на суды сыходзіць шмат сілаў, але нават такая моцная арганізацыя, як “Эгіда”, не заўсёды дамагаецца жаданага выніку.

Вавёркі сталі ахвяраю рэкламы

Эколаг, актывістка таварыства “Зялёная сетка” Юлія Каляда распавядае, як сёлета ў Горадні вавёрак з заапарку перасялілі ў гарадскі парк на жаданне ўладальніка кавярні. Ён хацеў прыцягнуць такім чынам наведнікаў, а звяркі, не прыстасаваныя да жыцця ў натуральным асяроддзі, адразу ж загінулі.

Птушак замуроўваюць будаўнікі

“Самы беспрэцэдэнтны выпадак – пакалечаныя бакланы на Віцебшчыне. Каля вёскі Каробчыцы (Гарадзенскі раён) мы неаднаразова бачылі трупы гэтых птушак. Іх туды скідаюць, каб адпалохаць іх суродзічаў ад сажалак з рыбаю”, – абурацца Дзмітрый Вінчэўскі, старшыня рады гарадзенскага аддзялення арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.

У цывілізаваных краінах гэтая праблема пераадольваецца без забойства птушак: калі сажалка малая, яе накрываюць ахоўнаю сеткаю; калі вялікая – выкарыстоўваюць бясшкодныя сродкі для адпужвання.

“Яшчэ адзін прыклад нашага дзікунства. Чорныя свіргулі (дарэчы, чорнага свіргуля назвалі птушкаю 2012 года) часта гняздзіцца на дахах і гарышчах гарадскіх шматпавярховікаў. Цяпер, калі пачынаецца ацяпляльны сезон, дамы рамантуюць, латаюць дзіры, заліваюць мантажнаю пенаю шчыліны і пры гэтым замуроўваюць птушак усярэдзіне. У Польшчы за гэта будаўнікоў караюць штрафамі праз суд. У нас нікому ў галаву не прыйдзе спачатку ўпэўніцца, што ў адтуліне дома няма гнязда жывой істоты”, – кажа Дзмітрый.

Аўкцыёны смерці

Актывіст таварыства “Зялёная сетка” Кастусь Чыкалаў збіраецца зрабіць усё, каб забаранілі аўкцыёны для паляўнічых: “У нас адсутнічае этычнае стаўленне да жывёлы. Прадаваць праз аўкцыён ліцэнзіі на паляванне – ненармальна. Я думаю, людзі не маюць права разыгрываць жыцці жывёлін. Цяпер нам удалося прыцягнуць шмат увагі да гэтай падзеі. Я збіраюся працягваць дзейнасць”.

Суседзі скардзяцца на антысанітарыю

“У Горадні дзве пажылыя гаспадыні трымалі ў кватэры з дзясятак сабак. Пасля шматлікіх скаргаў ад суседзяў, сабак усыпілі працаўнікі “Спецаўтагаспадаркі”, – дзеліцца інфармацыяй старшыня грамадскага аб’яднання абароны жывёлы “Адданае сэрца” Алена Шыманіца. Ні звароты, ні скаргі плёну не далі. Чыноўнікі сказалі: усё законна.

belsat.eu

Стужка навінаў