Лукашэнка захапляецца ўчынкам Саакашвілі: ён пераступіў цераз сябе


Кіраўнік Беларусі адрэагаваў на тое, што прэзідэнт Грузіі прызнаў паразу сваёй партыі на парламенцкіх выбарах.

«Я не чакаў ад Саакашвілі такіх паводзінаў. Ён проста пераступіў цераз сябе. У звязку з гэтым я хачу сказаць, што ён малайчына. Усё ж такі прызнаць сваю паразу, калі ён да апошняй хвіліны быў упэўнены, што яго ўвесь народ стоадсоткава падтрымае, – гэта вартасны ўчынак», – заявіў Лукашэнка ў інтэрв’ю міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мир», перадае «Интерфакс-Запад».

Кіраўнік Беларусі адзначыў, што нашая краіна мела з Грузіяй не толькі эканамічныя кантакты, але і палітычныя, «нягледзячы на тое, што мы, вядома, падтрымлівалі Расейскую Федэрацыю ўва ўсіх гэтых канфліктах». Ён заўважыў, што не раз «публічна казаў» Міхэілу Саакашвілі пра сваю ўдзячнасць за тое, што той быў «правадніком беларускай палітыкі». І не толькі яму, але і «іншым грузінскім палітыкам, якія нас падтрымлівалі на міжнароднай арэне – ва «Усходнім партнёрстве», у ААН, перад амерыканцамі, еўрапейцамі».

Сёння прэзідэнт Беларусі заявіў пра тое, што хоча ініцыяваць вяртанне Грузіі ў СНД на наступным саміце садружнасці, які пройдзе налета. Аднак Гія Хухашвілі, дарадца кіраўніка апазіцыйнай кааліцыі, якая здабыла большасць месцаў у парламенце, заявіў агенцтву «Интерфакс-Запад», што новыя ўлады Грузіі вяртацца ў СНД не збіраюцца.

«Магчыма, прэзідэнт Лукашэнка і ўгаварыў бы Саакашвілі вярнуцца ў СНД. Больш за тое, Саакашвілі дзеля свайго выратавання мог бы даць згоду на ўступленні Грузіі ў склад Расеі і нават Беларусі», – дапускае Хухашвілі.

Пра палітычнае сяброўства Лукашэнкі і Саакашвілі «Белсат» пісаў напярэдадні.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары