Каардынатар штабу Статкевіча па Гомельшчыне папрасіў палітычнага прытулку


Жыхар Рэчыцы Віктар Канцавенка, давераная асоба экс-кандыдата на прэзідэнта Мікалая Статкевіча, папрасіў палітычнага прытулку ва Украіне. Пра гэта ён паведаміў БелаПАН па тэлефоне.

“Цяпер я знаходжуся ва Украіне і папрасіў тут палітычнага прытулку ў звязку з рэпрэсіямі ў Беларусі ды пагрозаю маёй свабодзе і жыццю. Калі б я застаўся дома, упэўнены, мяне б пасадзілі ў турму па надуманым абвінавачанні і з мэтаю выбіць паказанні на Мікалая Статкевіча”, – растлумачыў сваё рашэнне Канцавенка. На прэзідэнцкіх выбарах ён быў каардынатарам штабу Статкевіча па Гомельскай вобласці.

Паводле актывіста, пасля падзеяў 19 снежня ў Менску за ім сачылі. “Калі мяне не было дома, да жонкі прыходзілі невядомыя, якія назваліся супрацоўнікамі КДБ, і правялі агляд дому, пыталіся, дзе я. Сачылі і за мною, але мне ўдалося ўцячы. Я ехаў на дызель-цягніку і выйшаў на некалькі прыпынкаў раней, не даязджаючы да Жлобіна. Потым са Жлобіна паехаў на машыне ў Бранск, адтуль пераехаў у Чарнігаў, і там мне Таварыства абароны правоў чалавека дапамагло прыехаць у Кіеў і падаць дакументы на атрыманне статусу бежанца”, – пракаментаваў Канцавенка.

belsat.eu

Стужка навінаў