Ператрусы на кватэрах журналістаў


Прадстаўнікі КДБ уварваліся з ператрусамі да журналістаў “Белсату” і “Нашай нівы”.

Увечары 30 снежня невядомыя пачалі ламіцца ў кватэру, якую здымае журналістка “Белсату” Кацярына Ткачэнка. За некалькі гадзінаў да гэтага яе выклікалі на допыт у КДБ. Да кватэры пад’ехаў калега Міхась Янчук, які паведаміў, што падчас ператрусу ў Кацярыны забралі ноўтбук. Прысутны падпалкоўнік КДБ пазнаў Міхася Янчука ў твар і прапанаваў яму таксама адправіцца на размову ў КДБ. “Пасля таго як я адмовіўся, мне паабяцалі даслаць афіцыйную позву пасля навагодніх святаў”, – кажа журналіст.

Да фатографа “Нашай нівы” Юліі Дарашкевіч супрацоўнікі КДБ прыйшлі сёння раніцаю. Яны заявілі, што ў яе могуць быць фота і відэаматэрыялы, якія ёсць доказамі ў справе 19 снежня, а таксама наконт справы, якая датычыць зрывання дзяржаўнага сцяга з будынку КДБ.

Прадстаўнікі КДБ канфіскавалі ўсе носьбіты інфармацыі: ноўтбукі, флэшкі, дыктафон, вынасныя вінчэстэры, дыскі. Мужа Юліі Дарашкевіч, актывіста “Еўрапейскай Беларусі” Паўла Юхневіча, затрымалі. Яго адвезлі ва ўпраўленне КДБ па Менску, зазначыўшы, што Паўла будуць дапытваць у якасці сведкі.

Сёння таксама “невядомыя” ламіліся ў кватэру, дзе жыве відэаператар “Нашай Нівы” Таццяна Гаўрыльчык. У журналісткі забралі камеру, флэшкі ды кампутар.

Паводле юрыста БАЖ Андрэя Бастунца, “калі праводзіць следчыя мерапрыемствы ў адносінах да людзей, якія не ёсць ні падазраванымі, ні абвінавачванымі, ні нават сведкамі, то пад ператрусы можа падпасці ўся краіна”. Праваабаронцы заклікаюць азнаёміцца з правіламі паводзінаў падчас допытаў і ператрусаў. І быць на сувязі са сваімі калегамі ды роднымі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары