Вязень ГУЛагу пра сённяшніх палітвязняў: Ці вытрымаюць псіхалагічна?


У «Марафоне салідарнасці» ўзяў удзел кіраўнік беларускага аддзялення міжнароднага таварыства «Мемарыял», які даследуе гісторыю рэпрэсіяў у былых савецкіх рэспубліках і апякуецца вязнямі сталінскіх лагераў.

Уладзімір Раманоўскі прыйшоў на «Марафон» у свой дзень народзінаў. 71 год таму ён з’явіўся на свет у паселішчы непадалёк Магадану ў сям’і палітычна рэпрэсаваных. З 2011 г. Раманоўскі ачольвае беларускае аддзяленне міжнароднага таварыства «Мемарыял».

«Уцягванне ў «гулагаўскі» стан – гэта страшная рэч. Умовы, у якіх жыла мая сям’я, – абсалютна свінскае становішча! Але ты ў яго ўжываешся, і ўжо здаецца, што не ўсё так кепска. Бульба з’явілася – якое шчасце! – узгадаў Уладзімір Раманоўскі. – На маладых людзей, што сядзяць за кратамі сёння, псіхалагічна вельмі ўплывае гэтае месца. Гэта фактычна вызначае іхнае жыццё на будучыню. У якой ступені яны змогуць гэта далей пранесці – вось у чым праблема».

Уладзімір Раманоўскі пражыў непадалёк Магадану да 20 гадоў. Ягоную маці, настаўніцу, у 1938 г. асудзілі на сем гадоў нібыта за шпіянаж на карысць Японіі. «Насамрэч, яна не вельмі добра выказалася пра Сталіна», – расказаў Уладзімір Раманоўскі. Ягонага бацьку асудзілі ў 1936 г. на тры гады. Іван Раманоўскі крытычна выступіў на камсамольскім сходзе ў тэхнікуме, калі даведаўся пра смерць брата ад голаду.

У межах акцыі салідарнасці з сённяшнімі беларускімі палітвязнямі Уладзімір Раманоўскі паказаў дакументальную стужку «Ефрасіння Кярсноўская. Жыціе» пра лёс малдаўскай дваранкі, сям’я якой пацярпела ад савецкіх рэпрэсіяў.

«Марафон салідарнасці» – гэта шэраг творчых сустрэчаў з вядомымі музыкамі, паэтамі ды мастакамі. Вечарыны адбываюцца па аўторках і чацвяргах у офісе Партыі БНФ. Штораз арганізатары, сябры каардынацыйнай групы «За волю», ставяць скрынку для дабрачынных ахвяраванняў палітвязням ды іхным сем’ям.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары