Калееў: беларусы застаюцца пасля навучання за мяжою, бо чакаюць зменаў


Усё больш маладых людзей з’язджаюць з Беларусі за мяжу, каб атрымаць адукацыю. Шмат хто з іх спасылаецца на лепшую якасць навучання, на вышэйшы ўзровень выкладчыцкіх кадраў, магчымасць выбраць цікавыя прадметы, на практычны падыход.

Студэнтаў, якія пасля заканчэння замежных універсітэтаў вяртаюцца на радзіму, – меншыня, распавёў кансультант для абітурыентаў з Беларусі Вышэйшай школы гандлю і права імя Лазарскага (Варшава) Сяргей Калееў. «Шмат хто чакае зменаў у Беларусі, таму і застаюцца за мяжою», – сказаў прадстаўнік вучэльні.

Калееў падкрэсліў, што вучыўся нейкі час у беларускім універсітэце, дзе яму давялося здаваць вялікую колькасць непатрэбных дысцыплінаў. Пасля першага семестру расчараваны беларускай адукацыяй юнак перавёўся ў польскі ўніверсітэт. “У Беларусі няма беларускамоўнай адукацыі, і я вырашыў, што калі трэба вучыцца на чужой мове, то няхай ёю будзе адна з еўрапейскіх, а менавіта польская”, – растлумачыў свой выбар малады беларус.

Праўда, хлопец заўважыў, што такая матывацыя для беларускай моладзі даволі рэдкая. “Большасць з’язджае, бо ім не падабаецца ў краіне. Усе прагнуць шчасця і лепшага жыцця”, – мяркуе Калееў.

Людзі, якія выязджаюць за мяжу, мяркуе ўніверсітэцкі кансультант, складаюць самую мабільную і актыўную частку беларускага грамадства. Ён спадзяецца, аднак, што адток моладзі з Беларусі працягнецца нядоўга. Студэнты, заўважыўшы, што змогуць зрэалізавацца на радзіме, на ягоную думку, неадкладна выкарыстаюць свой шанец прынесці карысць Бацькаўшчыне.

belsat.eu

Стужка навінаў