Змена ўлады ў Грузіі: упершыню ад 1991 года без рэвалюцыі


Парламенцкія выбары ў Грузіі: апазіцыя абяцала масавыя акцыі пратэсту ў выпадку фальсіфікацыяў. Але ў выніку – святкуе перамогу на вуліцах Тбілісі.

Пасля падліку большай часткі пратаколаў апазіцыйная партыя «Грузінская мара» набірае больш за 54 % галасоў, што амаль на 10 % больш за «Адзіны нацыянальны рух» з Міхэілам Саакашвілі на чале. Такім чынам, упершыню з 2003 года ў Грузіі парламенцкую большасць атрымаюць апаненты дзейнай улады.

Паводле доктара паліталогіі Бэкі Чэдыі, гэтыя змены, аднак, не азначаюць канца палітычнай кар’еры Саакашвілі.

«Адбылася сенсацыя: да гэтага моманту толькі ў 1991 годзе ўлада ў Грузіі змянілася не праз рэвалюцыю і не праз вайсковы пераварот. Аднак паводле грузінскай канстытуцыі гэты парламент практычна нічога не вырашае. Рэальным кіраўніком краіны да 2013 года застанецца прэзідэнт, і гэта ён валодае краінаю. А рэформа, якая мае павялічыць паўнамоцтвы парламенту, адбудзецца толькі пасля прэзідэнцкіх выбараў», – падкрэсліў Чэдыя. {movie}Бэкі Чэдыі ў “Гарачым каментары”|right|6671{/movie}

Апроч таго, парламент перанясуць з Тбілісі ў Кутаісі, у будынак, які нават да канца не адрамантаваны. Апазіцыя спадзяецца, што налета, пасля правядзення рэформы, якая аддасць уладу парламенту, ролі памяняюцца. Аднак, як зазначае палітолаг, за адзін год шмат што можа змяніцца.

Разам з тым, Міхэіл Саакашвілі заявіў пра жаданне пайсці на кампраміс, бо ён разумее, што ў выпадку непрызнання паразы, Грузія магла б атрымаць чарговую рэвалюцыю.

belsat.eu

Стужка навінаў