Адмыслоўцы: беларускі парламент – гэта перадпенсійны адстойнік


Новы парламент ужо абраны, аднак Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу чацвёртага склікання яшчэ паспее на апошняй сесіі прыняць бюджэт.

«Белсат» звярнуўся да адмыслоўцаў з просьбаю пракаментаваць сітуацыю, калі стары парламент прымае законы пры наяўнасці ўжо абранага новага. Як эксперты ацэньваюць гэтак званую «палатку»?

Горш як у Савецкім Саюзе

Паводле юрыста Аляксандра Дабравольскага, хоць беларускае заканадаўства і не забараняе старому складу парламенту прымаць важныя рашэнні пры абраным новым складзе, – гэткая працэдура проста не прынятая ў цывілізаваных краінах. Тэарэтычна дэпутаты нясуць адказнасць за прынятыя рашэнні, але ж яны сыдуць адразу па заканчэнні сесіі.

«Гэтыя дэпутаты былі прызначаныя Лукашэнкам і прымаюць тыя рашэнні, што яму патрэбныя. Да таго ж ужо другі склад Палаты прадстаўнікоў – гэта перадпенсійны адстойнік. Яны адразу сыходзяць на пенсію, і таму [тое], што яны рашаюць, – нецікава», – мяркуе Дабравольскі. {movie}Аляксандр Дабравольскі пра беларускі парламент|right|6668{/movie}

Акрамя таго, юрыст звяртае ўвагу на склад Палаты прадстаўнікоў: «Нават пры Савецкім Саюзе там былі і рабочыя, і інтэлігенцыя… Зараз толькі чыноўнікі. То бок гэта парламент, які прадстаўляе толькі чыноўнікаў, а фактычна аднаго чалавека, які іх прызначыў», – падкрэслівае адмысловец.

Законы – як пірагі

У сваю чаргу палітолаг Віктар Чарноў бярэ пад увагу досвед старога складу парламенту і давер да гэтых дэпутатаў з боку ўлады.

«Ёсць такое перакананне, што парламент добра працуе тады, калі законы хутка прымаюцца. Адзін за адным – як гарачыя пірагі. Таму, магчыма, існуе нейкі недавер да новых дэпутатаў, што яны будуць заглыбляцца ў некаторыя артыкулы законапраектаў. А ўлада хоча, каб яны [законы] былі прынятыя як мага хутчэй», – мяркуе палітолаг. {movie}Віктар Чарноў пра беларускі парламент|right|6669{/movie}

Адмысловец не выключае ператварэння парламенту ў аднапартыйны орган: ужо ў гэтым складзе 63 дэпутаты – сябры аб’яднання «Белая Русь». Як вядома, гэтая структура ўжо даўно плануе ператварыцца ў партыю.

Зрэшты, такое ператварэнне нічога не зменіць. Паводле Чарнова, партыйцы будуць, як і раней, адзінагалосна прымаць рашэнні, патрэбныя ўладам.

belsat.eu

Стужка навінаў