У Менску пачынаецца цыкл публічных лекцыяў вядомых беларусаў


5 кастрычніка серыю адкрытых сустрэчаў пад назваю “Urbi et Orbi” распачне Сяргей Дубавец.

На лацінскай мове “Urbi et Orbi” значыць “Гораду і свету”. Выбар назвы патлумачыла “Белсату” каардынатарка лекцыяў Юлія Галіноўская: “У старажытным Рыме фраза “Urbi et Orbi” папярэднічала вельмі важнаму пасланню ці прамове. Мы хочам стварыць такое месца, дзе выбітныя аўтарытэтныя беларусы маглі б звярнуцца да гораду і свету з тым, што яны лічаць важным сёння. Тэму лектары выбіраюць самі. Мы толькі арганізуем прастору і публічнасць”.

Новы сезон лекцыяў распачне вядомы літаратар, журналіст, першы рэдактар адроджанай “Нашай Нівы”, рэдактар радыё “Свабода” Сяргей Дубавец. Ягоная лекцыя называецца “Жыццё ў спыненым часе” і прысвечаная першаму нефармальнаму аб’яднанню беларускай моладзі “Майстроўня”, якое дзеяла ў Менску ў 1980-я гг.

“Сяргей Дубавец – гэта, безумоўна, асоба нацыянальнага маштабу, – кажа Юлія Галіноўская. – Ён шмат чаго зрабіў і робіць для ўмацавання беларушчыны. І гэта не выпадкова, што ён – першы ў сёлетнім сезоне “Urbi et Orbi”. Сяргей Дубавец задасць адпаведны настрой, ён валодае моцаю слова і дзеяння”.

Улетку ў “Бібліятэцы радыё “Свабода” выйшла кніга Сяргей Дубаўца “Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду”. У выданні сабраныя гісторыі ўдзельнікаў аб’яднання – Вінцука і Арыны Вячоркаў, Алены Анісім, Геніка Лойкі, Міхала Анемпадыстава, Лявона Вольскага, Ларысы Сімаковіч ды шмат каго яшчэ.

“Падчас лекцыі Сяргей Дубавец не будзе проста распавядаць пра тое, што і як рабіла “Майстроўня”, – працягвае Юлія Галіноўская. – Гаворка пойдзе пра ўплыў “Майстроўні”, бо ад яе бяруць пачатак шмат якія іншыя грамадскія арганізацыі. Што з гэтага ўплыву засталося? Як магчымая “Майстроўня” сёння?”

У межах “Urbi et Orbi” сёлета таксама чакаюцца лекцыі ад пісьменнікаў Андрэя Хадановіча і Алеся Разанава, архітэктара Ігара Духана, дызайнера Змітра Герасімовіча, беларусіста Адама Мальдзіса. Цыкл публічных лекцыяў запачаткаваны праграмаю “Лятучы ўніверсітэт”.

belsat.eu

Стужка навінаў