Венесуэла: страляніна напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў


Застрэлілі дваіх апазіцыянераў, якія прыехалі на апазіцыйны мітынг, што меў адбыцца на радзіме Уга Чавэса. Падыходы да месца правядзення заблакавалі прыхільнікі ўладаў. Агонь па актывістах адкрылі невядомыя, якія хаваліся ў аўтафургоне.

Кіраўнік краіны Уга Чавэс сёння выказаў спачуванні з нагоды смерці прыхільнікаў ягонага апанента. Міністр юстыцыі паведаміў, што вінаватых арыштавалі.

{movie} Прамова Энрыке Капрылеса, суперніка Уга Чавэса на выбарах|left|6634{/movie}Дэпутат парламенту ад апазіцыі Хульё Борхэс заявіў у эфіры тэлеканалу “Globovision”, што забойства арганізавалі паплечнікі прэзідэнта Чавэса.

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў больш за 30 апазіцыйных партыяў і рухаў здолелі аб’яднацца вакол кандыдатуры Энрыке Капрылеса. На мітынг ягонага падтрымання ў сталіцы Венесуэлы Каракасе, паводле звестак “Бі-Бі-Сі”, выйшлі больш за 100 тыс. чалавек.

“Праспект Балівара занадта малы для нас”, – заявіў падчас выступу Капрылес, маючы на ўвазе адну з цэнтральных вуліцаў Каракасу. Ён заўважыў, што гэта самая буйная акцыя апазіцыі за ўсю гісторыю краіны. Кандыдат на прэзідэнцтва запатрабаваў ад уладаў расследаваць забойства ягоных паплечнікаў.

{movie}Прамова Уга Чавэса на сустрэчы з выбарнікамі|left|6635{/movie}Уга Чавэс на мітынгу ў сваю падтрымку паабяцаў суайчыннікам яшчэ больш замацаваць сацыялізм у Венесуэле. Ён адзначыў, што нават не можа сабе ўявіць, што ён прайграе выбары.

Энрыке Капрылес падчас ранейшых выступаў абвінаваціў улады ў тым, што іх цікавяць толькі іх гаманцы. “Адзіная рэч, якая цікавіць іх апрача гэтага, – паглыбленне рэвалюцыі. Я хачу запытацца ў вас, народ Фалькону, народ Коры – што рэвалюцыя зрабіла для гэтай краіны?”

Выбары прэзідэнта пройдуць у Венесуэле 7 кастрычніка.

belsat.eu

Стужка навінаў