Грузіны выберуць паміж «мараю» і «адзінствам»


У Грузіі наступіў перадвыбарны «дзень цішыні». У панядзелак распачнуцца парламенцкія выбары, ад якіх залежыць, хто будзе кіраваць краінаю.

«Мара» ці «адзінства»?



Асноўная барацьба разгортваецца паміж прыхільнікамі дзейнага прэзідэнта Грузіі Міхэіла Саакашвілі ды алігарха Бідзыны Іванішвілі.

Паводле сацыялагічных апытанняў, рэйтынгі партыі «Адзіны нацыянальны рух», што падтрымлівае дзейнага прэзідэнта, і апазіцыйнай кааліцыі «Грузінская мара» з Бідзынам Іванішвілі на чале – параўнальныя. Абодва лідары цягам верасня збіралі ў Тбілісі шматтысячныя мітынгі падтрымання.

Прыхільнікі Саакашваілі вінавацяць Бідзыну Іванішвілі ў тым, што ён «агент Крамля». Апазіцыя ў сваю чаргу заяўляе, што дзейны прэзідэнт імкнецца ўзурпаваць уладу ў краіне.

У Саакашвілі «свой метад»

Прэзідэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі выбіраўся на найвышэйшую пасаду ў краіне двойчы. Абірацца трэці раз яму не дазваляе Канстытуцыя Грузіі. Калі ж Саакашвілі паспрабуе змяніць асноўны закон у краіне, каб пайсці на трэці тэрмін, як гэта зрабіў у свой час Аляксандр Лукашэнка, то, паводле аналітыкаў, гэта моцна сапсуе стасункі прэзідэнта з краінамі Захаду.

Аднак Канстытуцыя Грузіі ўсё ж зменіцца – у 2013 г. уступіць у сілу новая рэдакцыя дакументу, паводле якой Грузія зробіцца парламенцкаю рэспублікаю. Прэзідэнт згубіць значную частку сваіх паўнамоцтваў, фактычна краінаю будзе кіраваць партыя, якая будзе мець большасць у парламенце.

Алігарх, які здзяйсняе мары

Бідзына Іванішвілі з’явіўся на палітычнай сцэне Грузіі адносная нядаўна. Ягонае багацце ацэньваецца на $ 6,4 млрд, што складае амаль палову ВУП Грузіі. Гэтыя грошы алігарх зарабіў дзякуючы ўласнаму банкаўскаму бізнесу і аперацыям з нерухомасцю ў Маскве.

Аднак ён прадаў усе свае замежныя актывы і заснаваў палітычную партыю «Грузінская мара – дэмакратычная Грузія». Іванішвілі пачаў хутка набіраць папулярнасць сярод грузінаў дзякуючы таму, што раней не быў звязаны з палітычнымі махінацыямі, а таксама дзякуючы шырокай дабрачыннай дзейнасці ў Грузіі.

У свой час улады Грузіі назвалі Іванішвілі «марыянеткаю Крамля» і пазбавілі яго грамадзянства краіны – адпаведны ўказ прэзідэнт Саакашвілі падпісаў у 2004 г. Аднак пазней парламент Грузіі прыняў канстытуцыйныя змены, якія дазволяць Іванішвілі, уладальніку пашпарта краіны ЕЗ, браць удзел у выбарах.

Вайна кампраматаў

Парламенцкая перадвыбарчая гонка ў Грузіі суправаджаецца шэрагам скандалаў. Гэтак, два грузінскія апазіцыйныя каналы выпусцілі ў эфір відэа, якія паказваюць катаванні, жорсткае абыходжанне і згвалтаванне вязняў у грузінскіх турмах. Гэта выклікала масавыя пратэсты ў краіне і шэраг гучных адставак у сілавых ведамствах.

У сваю чаргу тэлеканалы, лаяльныя да дзейнага прэзідэнта, называюць апазіцыйную кааліцыю «Зладзейскаю мараю» ды напярэдадні выбараў пусцілі ў эфір аўдыязапісы размоваў апазіцыйных палітыкаў з крымінальнымі аўтарытэтамі, з якіх вынікала, што апазіцыя рыхтуе дзяржаўны пераварот. Лідары «Грузінскай мары» заяўляюць, што гэтыя запісы – фальшывыя.

belsat.eu

Стужка навінаў