Менскія ходнікі ўпершыню ўпрыгожылі 3D-малюнкі


У сталічным парку Горкага адбыўся фестываль стрыт-арту «Вакол свету за 8 гадзінаў».

Восем камандаў з Віцебску, Гомля, Смаргоні ды Менску цягам васьмі гадзінаў стваралі шэдэўры, якія перанеслі гледачоў у Лондан, Парыж, Нью-Ёрк, Шанхай ды іншыя гарады свету.

3D-малюнкі вельмі папулярныя ў краінах Заходняй Еўропы і ў ЗША. У Беларусі падобны від вулічнага мастацтва робіць першыя крокі.

«Я малюю пастэллю. Таксама выкарыстоўваюць акрыл і звычайныя балончыкі з фарбаю. Малюнак 3D атрымліваецца дзякуючы адмысловай тэхніцы, – распавёў мастак Стас. – Выява расцягваецца па шырыні ў самых дальніх канцах, каб у перспектыве скажацца наадварот і адпавядаць прапорцыям».

«Убачылі абвестку ў метро і вырашылі паспрабаваць, – прызналася ўдзельніца фестывалю Яўгенія Краўчанка, якая рэпрэзентуе каманду Белдзяржуніверсітэту. – Тры дні таму пачалі рыхтавацца, і вось сёння намалявалі Райхстаг. Цяжка рабіць 3D-малюнкі, трэба ведаць перспектыву і мець добрую фантазію. Гэта вельмі цікава».

Аўтары найлепшых, на думку журы, працаў атрымалі каштоўныя прызы. Арганізатары фестывалю выказалі надзею зрабіць імпрэзу традыцыйнаю.

belsat.eu

Стужка навінаў