Менск дэманстратыўна ігнаруе адмысловага спавяшчальніка ААН аб Беларусі


Улады Беларусі не маюць намеру супрацоўнічаць з Міклашам Харасці (Miklós Haraszti), адмысловым спавяшчальнікам аб Беларусі, прызначаным на гэтую пасаду 28 верасня Радаю ААН у пытаннях правоў чалавека.

Рашэнне аб прызначэнні Харасці адмысловым спавяшчальнікам аб Беларусі прынялі 28 верасня на 21-й сесіі Рады правоў чалавека (РПЧ) ААН у Жэневе. Супраць гэтага рашэння выступілі некалькі краінаў, у тым ліку Расея і Куба.

Беларусь не прызнае рашэння РПЧ аб увядзенні мандату адмысловага спавяшчальніка і не мае намеру з ім супрацоўнічаць, заявіў на сесіі сталы прадстаўнік Беларусі пры ААН ды іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе Міхаіл Хвастоў.

Паводле яго, Харасці з улікам ягонага палітычнага мінулага не зможа справядліва і аб’ектыўна ажыццяўляць свае функцыі на пасадзе. “Мы працягнем захоўваць правы чалавека ўладаю закону, а не адчуваннямі адмысловага спавяшчальніка, – заявіў Хвастоў. – Ніводзін з міжнародных дамоўных ці іншых кантрольных органаў ААН не заявіў, што правы чалавека ў Беларусі забяспечваюцца горш, чым у Вугоршчыне, Польшчы, Латвіі, на Кіпры ці ў Канадзе. Адпаведна, ініцыятывы Еўразвязу ў Радзе правоў чалавека ў дачыненні Беларусі мы разглядаем як палітычную, дыфамацыйную кампанію ЕЗ супраць Беларусі”.

На думку Хвастова, уся праца Харасці будзе наўпрост залежыць ад пазіцыі Бруселю.

Харасці ўзначальваў місіі Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе ў справе назірання за выбарамі ў розных краінах. Ён таксама займаў пасаду прадстаўніка АБСЕ ў пытаннях свабоды медыяў, мае досвед працы з правамі чалавека і грамадзянскай супольнасцю.

belsat.eu

Стужка навінаў