Сваякі арыштаваных: Ніхто не планаваў ні штурму, ні перавароту


https://youtu.be/4Bh9-QTayMA
Родныя былых кандыдатаў на прэзідэнцтва Беларусі ды іншых затрыманых заклікаюць да салідарнасці.

“Мы засталіся практычна адныя і мусім быць разам”, – растлумачыла сэнс стварэння ініцыятывы “Вызваленне” Вольга Бандарэнка, жонка Дзмітрыя Бандарэнкі, даверанай асобы экс-кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава. – Мы збіраемся займацца не палітычнаю дзейнасцю, а будзем змагацца за вызваленне нашых сваякоў. Мы іх ведаем лепш за іншых, ведаем, як яны жылі, чым займаліся, ведаем, што яны ніколі не збіраліся арганізоўваць ніякіх пераваротаў. Калі гэта быў супраціў, ён быў негвалтоўны, і гэта заўсёды дэкларавалася. Мы мяркуем, што выстаўленыя ім абвінавачанні ў крымінальным злачынстве абсалютна абсурдныя, і вырашылі аб’яднацца, каб змагацца за праўду”.

“Як можна трымаць у турме бацьку і маці малога дзіцяці? – запытала Ала Саннікава, маці экс-кандыдата на прэзідэнта. – Хоць бы маці выпусцілі, наперадзе ж самае дарагое для любога дзіця свята – Новы год. Гэта жорсткасць. Улада, калі яна жадае свайму народу дабра, павінна быць набожнаю. І павінен існаваць нейкі суд гонару і сумлення для гэтай улады, якая пайшла на такую жорсткую правакацыю”.

Кінадраматург Уладзімір Халіп, бацька Ірыны Халіп, жонкі Андрэя Саннікава, заклікаў да салідарнасці ды актыўных дзеянняў: “Сёння яны ўварваліся з вобшукам да нас – заўтра ўварвуцца да вас. Тыя, хто наладзіў гэтую правакацыю, рыхтуюць знішчэнне сваіх апанентаў. Іх асудзяць з максімальнаю жорсткасцю, а потым, ужо на зоне, зробяць з імі ўсё, што задумалі”.

Удзельнікі ініцыятывы “Вызваленне” падпісалі заяву, у якой утрымліваецца патрабаванне да Аляксандра Лукашэнкі вызваліць “усіх узятых ім у закладнікі экс-кандыдатаў на прэзідэнцтва ды іншых зняволеных па палітычных матывах”. На думку аўтараў заявы, “санкцыі з боку ЕЗ, ЗША і Расеі ў дачыненні Беларусі могуць быць апраўданыя”. Родныя затрыманых таксама выказалі ідэю стварэння камісіі для расследавання падзеяў 19 снежня ў Менску пад міжнародным кантролем.

belsat.eu

https://youtu.be/suN4VvRLb1Y

Глядзі таксама
Каментары