Феномен: У Беларусі 90 % тых, хто змяняе пол, хочуць быць мужчынамі


У свеце – усё наадварот: на восем мужчынаў, гатовых да аперацыі, прыходзіцца дзве жанчыны, якія хочуць змяніць пол.

2012-ы ўвойдзе ў гісторыю беларускай транспланталогіі як год рэкорднай колькасці зробленых аперацыяў па змене полу. «Сёлета проста наплыў пацыентаў, якім зрабілі аперацыі па змене полу», – паведаміў агенцтву «Интерфакс-Запад» хірург аддзялення пластычнай і рэканструкцыйнай мікрахірургіі Менскай абласной клінічнай больніцы Дзмітрый Бацюкоў.

Паводле яго, сёлета за восем месяцаў зрабілі «больш за пяць аперацыяў» па змене полу, а раней была адна-дзве за год. Затое іншая тэндэнцыя не змянілася: 90 % тых, хто прыходзіць да медыкаў з гэтай нагоды, хочуць стаць мужчынамі. З амаль васьмідзесяці транссексуалаў, якія стаяць у чарзе, усяго дзесяць мужчын. Цікава, што апрача Беларусі ў свеце такія паказнікі характэрныя для Расеі ды Украіны.

Сексапатолагі, якіх распыталі журналісты агенцтва, прычынаю лічаць тое, што ў постсавецкіх краінах, у прыватнасці, у Беларусі, Расеі, Украіне, шмат жанчын з трансфармацыяй палавой ролі выраслі ў няпоўных сем’ях. «Існуе тэорыя ўзнікнення транссексуалізму, калі маці-адзіночка падчас цяжарнасці на ментальным узроўні перадае дзіцяці-дзяўчынцы інфармацыю аб актыўнай мужчынскай пазіцыі», – распавялі адмыслоўцы.

Упершыню ў Беларусі аперацыю па змене полу зрабіў прафесар Уладзімір Падгайскі каля 20 гадоў таму. Усяго за гэтыя гады іх прайшло больш за 50.

belsat.eu

Стужка навінаў