Кыргызстан запатрабаваў у ААН экстрадыцыі сваякоў Бакіева з Беларусі


{movie}Асілбек Жээнбекаў патрабуе выдачы Бакіевых|left|6603{/movie}Выступаючы на 67-й сесіі Генасамблеі ААН, спікер парламенту Кыргызстану Асілбек Жээнбекаў заклікаў улады Беларусі выдаць абвешчаных у вышук сваякоў былога прэзідэнта Курманбека Бакіева.

«Мы ўсё яшчэ спадзяемся, што ўлады Беларусі, якая ёсць саюзнікам Кыргызстану ў межах АДКБ і ЕўрАзЭС і ўзяла на сябе абавязацельствы ў рамках палажэнняў Менскай і Кішынёўскай канвенцыяў, праявяць сваю прыхільнасць міжнародна-прававым абавязацельствам і выдадуць сваякоў ды набліжаных былога прэзідэнта Кыргызстану Курманбека Бакіева, якія хаваюцца на яе тэрыторыі і нават маюць беларускія пашпарты», – заявіў Асілбек Жээнбекаў.

Паводле спікера, «былое кіраўніцтва Кыргызстану, якое хаваецца ў пэўных краінах, і яго найбліжэйшае атачэнне павінны панесці пакаранне ў строгай адпаведнасці з заканадаўствам Кыргызстану».

«Кіргізскі бок падкрэслівае, што яны пераследуюцца не паводле палітычна матываваных справаў. Гэтыя асобы абвінавачваюцца за канкрэтныя злачынныя крымінальныя дзеянні, яны аддавалі загад на прымяненне агнястрэльнай зброі ў дачыненні мірных грамадзянаў, на знішчэнне непажаданых ім асобаў, яны рабавалі ўласны народ і бюджэт краіны ды вывелі з Кыргызстану велізарныя фінансавыя актывы», – падкрэсліў Жээнбекаў.

{movie}Лукашэнка: Бакіева не выдам (архіў)|left|6604{/movie}Бакіевы знайшлі прытулак у Беларусі

У красавіку 2010 г. у Кыргызстане адбыўся дзяржаўны пераварот, у выніку якога ўлада перайшла ў рукі часовага кааліцыйнага ўраду, што складаецца з лідараў апазіцыйных партыяў. Пры гэтым загінулі прыкладна 90 чалавек, амаль тысяча атрымалі раненні.

Звергнуты прэзідэнт Кыргызстану Курманбек Бакіеў, ягоны брат Жаныш, які ўзначальваў Службу дзяржаховы, сын Марат, а таксама іншыя набліжаныя завочна былі абвінавачаныя ў масавым забойстве, звязаным з перавышэннем службовых паўнамоцтваў, і абвешчаныя ў міжнародны вышук. Жаныш Бакіеў, апрача ўсяго, абвінавачваецца ў арганізацыі забойства кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Медэта Садыркулава ў сакавіку 2009 г.

Бішкек неаднаразова звяртаўся да Менску з просьбаю выдаць і самога Курманбека Бакіева, які прыбыў у Беларусь 19 красавіка 2010 г. на асабістае запрашэнне Аляксандра Лукашэнкі. Аднак Генпракуратура Беларусі адмовілася выдаваць звергнутага прэзідэнта Кыргызстану, не знайшоўшы для гэтага прававых падставаў.

Сёлета ў жніўні актывіст беларускай апазіцыі Міхаіл Пашкевіч сфатаграфаваў Жаныбека Бакіева, калі той выходзіў з кафэ ў цэнтры Менску. 20 жніўня фота было выкладзенае ў інтэрнэт. Кіргізскі бок зноў звярнуўся да ўладаў Беларусі з просьбай аб затрыманні ды экстрадыцыі Жаныбека Бакіева. Пасля таго як рэакцыі з беларускага боку не паступіла, 24 жніўня ўлады Кыргызстану адклікалі з Менску свайго амбасадара.

belsat.eu

Стужка навінаў