«Не тэлефануйце па дробязях у міліцыю. Лепш – пажарным»


Гомельская міліцыя заклікала грамадзянаў не тэлефанаваць па нумары «102» без асаблівай патрэбы. Гэтак на шэсць лініяў спецыяльнага нумара «102 міліцыя» аператыўна-дзяжурнай службы УУС Гомельскага аблвыканкаму ў верасні паступіла больш як 12 тыс. тэлефанаванняў, пры гэтым кожнае чацвёртае датычыла сітуацыі, якая не адносіцца да кампетэнцыі міліцыі.

Як паведамілі ў аддзеле інфармацыі ды грамадскіх сувязяў УУС, такія «няпрофільныя» тэлефанаванні – паведамленні аб затапленні, аб згубленым сабаку, аб удакладненні графіку працы аварыйных службаў – складаюць чвэрць скаргаў і ніяк не звязаныя з працаю органаў унутраных справаў.

«Грамадзяне часам, не ацаніўшы той ці іншай сітуацыі, тэлефануюць у міліцыю для кансультацыі. Але для гэтых мэтаў створаная «Адзіная дзяжурная дыспетчарская служба» на базе дзяжурнай службы Міністэрства надзвычайных сітуацыяў па Гомлі, нумар якой «101». Гэты аператар таксама бясплатны, і да яго можна дазваніцца праз любую тэлефонную сувязь. Пры звароце ў гэтую службу грамадзяне могуць атрымаць адрасную інфармацыю па факце заяўленай праблемы, пачынаючы з нумара тэлефона і заканчваючы назвай неабходнай службы», – гаворыцца ў паведамленні аддзелу аператыўна-дзяжурнай службы.

Ва УУС адзначаюць, што, тэлефануючы па нумары «101», грамадзянін разгружае аператара спецыяльнай лініі «102», які, у сваю чаргу, можа хутка і якасна адрэагаваць на тэлефанаванне, якое датычыць выканання непасрэдных абавязкаў органаў унутраных справаў.

belsat.eu

Стужка навінаў