Алеся Бяляцкага змясцілі ў штрафны ізалятар


Зняволены ў Бабруйскай папраўчай калоніі № 2 праваабаронца Алесь Бяляцкі змешчаны ў штрафны ізалятар. Гэта адбылося напярэдадні 50-годдзя палітвязня, якое прыпадае на 25 верасня, паведамляе праваабарончы рэсурс spring96.org.

«Прыгавораны да зняволення ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму на 4,5 гады, Бяляцкі з сакавіка да чэрвеня 2012 г. атрымаў тры спагнанні, якія ўключаюць пазбаўленне чарговага доўгага спаткання (з двух, прадугледжаных цягам года), – гаворыцца ў паведамленні. – На падставе гэтых трох спагнанняў Алесь у канцы чэрвеня 2012 г. прызнаны злосным парушальнікам устаноўленага парадку адбывання пакарання. Гэта перакрэсліла магчымасць прымянення да яго закону «Аб амністыі», прынятага ў 2012 г., а таксама пацягнула памяншэнне штомесячнага памеру грашовых сродкаў на асабовым рахунку, якія можна расходаваць на набыццё прадуктаў харчавання і прадметаў першай неабходнасці, з 5 да 1 базавай велічыні (з 500 тыс. да 100 тыс. бел. руб.)».

Яшчэ два спагнанні былі прымененыя да Бяляцкага ў жніўні 2012 г.: пазбаўленне чарговай прадуктовай перадачы (з дзвюх прадугледжаных цягам года) і пазбаўленне чарговага, ужо кароткатэрміновага, спаткання (таксама з двух прадугледжаных цягам года).

«Прычыны, з якіх адміністрацыя калоніі вырашыла пайсці на такія захады, застаюцца невядомымі. Паводле непацверджаных звестак, Алеся Бяляцкага змясцілі ў ШІЗА напярэдадні ягонага юбілею, каб прадэманстраваць усёдазволенасць і не даць Алесю Бяляцкаму магчымасці атрымліваць віншавальную карэспандэнцыю», – паведамляюць праваабаронцы.

belsat.eu

Стужка навінаў