Каспараў: Беларусь прыклад таго, як далёка можа зайсці дыктатар


“Беларусь з’яўляецца яскравым прыкладам таго, як далёка можа зайсці дыктатар, адчуваючы сваю беспакаранасць”, – заявіў расейскі палітык і шахматыст Гары Каспараў, які быў ганаровым госцем святкавання 50-годдзя беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага ў польскім сейме.

“Немагчыма пераацаніць ідэю ўзнагароджання Нобелеўскай прэміяй міру Алеся Бяляцкага – мужнага чалавека, які змагаецца з дыктатурай. Гэта важны ўзор міжнароднай салідарнасці”, – сказаў Каспараў.

Як паведамляе Беларускі інфармацыйны дом (Варшава), у галоўным холе была адкрыта выстаўка, прысвечаная грамадзянскай супольнасці Беларусі, Алесю Бяляцкаму і праваабарончаму цэнтру “Вясна”. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел віцэ-спікер сейма Ванда Навіцкая, кіраўнік камісіі замежных спраў парламента Гжэгаж Схятына, дэпутаты, прадстаўнікі польскіх і беларускіх НДА. {movie}Гары Каспараў пра дыктатуру і Бяляцкага|right|6597{/movie}

Кіраўнік польскай парламенцкай групы пры ПАСЕ і суарганізатар выставы Анджэй Халіцкі пажадаў Бяляцкаму стаць у гэтым годзе лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру.

“Алесь Бяляцкі дапамагаў палітвязням шмат гадоў, менавіта за гэта яго пасадзілі беларускія ўлады. Цяпер ён сам палітвязень, і ён патрабуе нашай падтрымкі”, – заявіў старшыня Беларускага інфармацыйнага дома Алесь Зарэмбюк.

Дэпутаты і госці падпісалі некалькі дзесяткаў паштовак з пажаданнямі і словамі падтрымкі для Бяляцкага. Паштоўкі будуць высланы ў калонію, дзе адбывае пакаранне праваабаронца.

belsat.eu

Стужка навінаў