Каваленка на волі: Уражанне такое, нібыта з поўначы вярнуўся (Абноўлена+аўдыё)


«Я раней, калі прыязджаў з поўначы, з вахты, у мяне было пачуццё, нібыта я ніколі і не выязджаў, нібыта ўчора сышоў. І ў мяне цяпер прыкладна такое ж пачуццё – што я толькі ўчора з дома выехаў і сёння зноў вярнуўся дахаты», – распавёў палітвязень.

Да Сяргея Каваленкі датэлефанаваўся партал interpolit.net. Палітвязень распавёў, што вызвалілі яго ўчора а 20:00. Давезлі да вакзалу і пасадзілі на цягнік да Віцебску, білет быў ужо набыты. Кажа, што пачуваецца добра і хутка аднаўляе здароўе.

Паводле Сяргея Каваленкі, разам з ім мелі выпусціць яшчэ аднаго палітвязня – Паўла Сырамалотава: «Рэч у тым, што мы з Сырамалотавым чакалі ўжо недалёка ад выйсця, каб нас вызвалілі. Але мяне яны адвезлі першага на вакзал. А потым, казалі, паедуць да Сырамалотава і яго адвязуць таксама на вакзал, на цягнік пасадзяць. Але ў яго цягнік у іншым кірунку ідзе – да Бабруйску».

Сяргей Каваленка настроены «працягваць барацьбу»

Вызвалены з магілёўскай калоніі Сяргей Каваленка адчувае сябе нармальна і настроены «працягваць барацьбу».

«Адчуваю сябе добра, здароўе нармальнае», – сказаў Каваленка, які цяпер дома ў Віцебску.

Распавядаючы аб падрабязнасцях свайго вызвалення, Сяргей патлумачыў, што прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі напісаў 25 чэрвеня, бо яму «вельмі хацелася да сям’і».

«Але я яго напісаў пустым, без раскаяння і прызнання віны, – падкрэсліў Каваленка. – Яны [адміністрацыя калоніі] да мяне прыходзілі, калі я сядзеў у штрафным ізалятары, і ўгаворвалі напісаць прашэнне, казалі, што мяне вельмі хутка адпусцяць, калі напішу. Я ім кажу: пісаць, што раскайваюся, не буду, бо я сцяг на ёлку вешаў у імя беларускага народу і Ісуса Хрыста. Я не магу ад гэтых сваіх словаў адмаўляцца. І я не адчуваю ніякай віны, я ганаруся тым, што зрабіў. Яны мне сказалі напісаць, што проста прашу вызваліць. Лукашэнка – такі ж чыноўнік, як суддзі і міліцыянеры. Я падумаў, якая мне розніца, які чыноўнік мяне адпусціць».

Паводле Каваленкі, ён і не чакаў, што яго вызваляць адразу пасля напісання прашэння. «Я падумаў, што калі Саннікава пасля напісання прашэння трымалі каля чатырох месяцаў, мяне столькі ж будуць трымаць. У турме так доўга трымаюць, каб чалавек ламаўся, каб перажываў», – сказаў апазіцыянер.

У калоніі, паводле апазіцыянера, да яго ставіліся па-рознаму: «Колькі людзей, такое і стаўленне ў кожнага. Я быў гатовы да любога іхнага стаўлення да мяне».

Жыццёвыя планы ў Каваленкі застаюцца «без зменаў». «Як было, гэтак і застаецца – далейшая барацьба. Народу ўлада патрэбная сапраўдная, таму мы прадоўжым барацьбу. Але ў бліжэйшы час мае планы – гэта адпачынак з сям’ёй. Я ў інтэрнэце даўно не быў. Трэба паглядзець, пачытаць: хто, што, дзе. Але будзем сцягі і далей вывешваць», – дадаў апазіцыянер.

На думку аналітыкаў, праз вызваленне Каваленкі ўлады Беларусі спрабуюць гандлявацца з Еўразвязам.

belsat.eu

Стужка навінаў