Грамадскі камітэт “Вызваленне” звярнуўся да Расеі, ЗША і ЕЗ


Жонкі, бацькі і дзеці палітзняволеных, што праходзяць па крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19 снежня, аб’ядналіся, каб дамагацца вызвалення сваякоў.

Грамадскі камітэт, які назвалі “Вызваленне”, ужо накіраваў лісты кіраўніцтву Расеі, Еўразвязу і ЗША з заклікам зрабіць усё магчымае дзеля вызвалення арыштаваных.

Чальцы “Вызвалення” таксама маюць намер звярнуцца ў Чырвоны крыж, каб арганізацыя паспрыяла ў аказанні вязням медычнай дапамогі. Паводле апошняй інфармацыі, сур’ёзныя праблемы са здароўем мае Уладзімір Някляеў, не выключана, што праблемы ўзніклі і ў Міколы Статкевіча ды Анатоля Лябедзькі, якія абвесцілі галадоўку. У Наталлі Радзінай, моцна збітай на плошчы, ідзе кроў з вушэй, яна скардзіцца на моцныя галаўныя болі, паведаміла ейная адвакатка Мар’яна Сямешка. Журналістцы патрэбнае тэрміновае медычнае абследаванне, але ў СІЗА КДБ у гэтым адмаўляюць. Паўплываць на сітуацыю магла б вядомая міжнародная арганізацыя, мяркуюць у грамадскім камітэце.

Цяпер падазраванымі па справе аб масавых беспарадках праходзяць ужо 27 чалавек. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру “Вясна”, у СІЗА КДБ даставілі Уладзіміра Лобана. Актывіста прывезлі ў “амерыканку” з Акрэсціна, дзе ён адбываў дзесяцідзённы адміністратыўны арышт.

Афіцыйныя абвінавачванні апроч сямі экс-кандыдатаў на прэзідэнцтва сёння выставілі лідару Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку і каардынатару кампаніі “Гавары праўду!” Аляксандру Фядуту.

belsat.eu

Стужка навінаў