Лукашэнка памілаваў Сяргея Каваленку. Палітвязень на волі


Яго выпусцілі ўвечары 26 верасня. Як паведаміла журналістам маці Каваленкі, цяпер Сяргей з жонкай Аленай знаходзіцца ў яе. Сын быў вельмі рады бачыць бацьку, а дачка яго не пазнала.

Сяргея Каваленку затрымалі 19 снежня 2011 г. паводле абвінавачвання ва ўхіленні ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі. Гаворка ідзе аб прысудзе, вынесеным апазіцыянеру ў траўні 2010 г. за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ялінцы Віцебску.

Сёлета ў лютым Каваленку асудзілі на два гады і адзін месяц пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. Адразу пасля затрымання ён абвесціў галадоўку пратэсту, якая доўжылася каля двух месяцаў з невялікімі перапынкамі.

{movie}Валер Карбалевіч: палітвязні могуць выйсці ў кастрычніку |left|6579{/movie}У карцары палітвязня залівала вадою

У канцы чэрвеня Каваленка напісаў прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Паводле ягонай жонкі, ён вымушаны быў зрабіць гэта пад ціскам адміністрацыі калоніі. «Ён 24 або 25 чэрвеня напісаў. Яму абяцалі, што да 3 ліпеня будзе са сваёй сям’ёй. Ён напісаў на імя прэзідэнта паўтара радка: «Прашу вас мяне памілаваць», – распавяла журналістам жонка актывіста пасля спаткання з мужам у ліпені.

Паводле жанчыны, найбольш моцны ціск на Сяргея аказваўся з боку адміністрацыі калоніі, калі ён утрымліваўся ў карцары за чарговае парушэнне рэжыму. «Там былі вельмі дрэнныя ўмовы: дах цячэ, акно было разбітае, і калі быў дождж, то зацякала вада. За ноч трэба было 5–6 разоў уставаць рабіць фізічныя практыкаванні, каб не змерзнуць. Менавіта ў гэты час да яго прыходзілі па некалькі разоў на дзень і патрабавалі, каб ён напісаў пакаянне, што ён здзейсніў хуліганскі ўчынак, а не палітычную акцыю, як гэта было насамрэч», – распавяла Алена Каваленка.

Паводле яе, муж распавёў, што прыблізна праз восем дзён утрымання ў карцары да яго прыйшоў начальнік калоніі. «Трушчыў менавіта сынам, што вось, маўляў, сын без цябе расце. Таксама казаў, што з-за таго, што Сяргей не піша прашэнне, работнікам калоніі не дадуць дадаткі да заробку і не хопіць іхным дзецям на цукеркі. Потым прыйшлі, сказалі, што не трэба ніякага пакаяння, а проста напісаць: прашу мяне памілаваць – без раскаяння, без прызнання сваёй віны», – сказала жонка палітвязня. Пры гэтым, паведаміла яна, муж успамінаў словы Зянона Пазняка аб тым, што не трэба гуляць у гульні з катамі.

Дачка не пазнала

«Ён вельмі хоча быць са сваёй сям’ёй, займацца выхаваннем сына. Ён бачыць, што час ідзе, а сын расце без яго», – сказала Алена, адзначыўшы, што падчас спаткання сын быў вельмі рады бачыць бацьку, а малая дачка яго не пазнала.

Прадказанне збылося

Палітолаг Валер Карбалевіч у размове з “Белсатам” 25 верасня прадказаў вызваленне Сяргея Каваленкі. Але ён не меркаваў, што гэта адбудзецца так хутка.

belsat.eu

Стужка навінаў