Урад спадзяецца пазычыць грошай, каб аддаць даўгі


Афіцыйны Менск плануе перапазычыць грошай амаль на палову ўсіх вонкавых фінансавых абавязанняў краіны. Пра гэта паведаміў міністр фінансаў Андрэй Харкавец, выступаючы 26 верасня на пашыраным паседжанні камісіі ў пытаннях бюджэту, фінансаў і падатковай палітыкі Палаты прадстаўнікоў.

Ён адзначыў, што ў 2013 г. Беларусь «уваходзіць у паласу пікавых выплатаў па вонкавай дзяржаўнай пазыцы». «Чакаецца двухразовы прырост плацяжоў у параўнанні да бягучага года да $ 3,1 млрд», – падкрэсліў міністр.

У звязку з гэтым, адзначыў Андрэй Харкавец, урад ставіць перад сабой задачу рэфінансаваць частку пазыковага пакету. «Будзем працаваць на наступных кірунках: па-першае, над атрыманнем двух траншаў крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС у аб’ёме $ 0,9 млрд. Па-другое, мы ўжо сёлета пачалі працу для выхаду на міжнародныя рынкі капіталу з мэтаю магчымага размяшчэння дзяржаўных аблігацыяў у 2013 годзе», – паведаміў кіраўнік Мінфіну.

Ён запэўніў, што ў 2013 г. паводле паказнікаў эканамічнай бяспекі Беларусь будзе «ў стабільным становішчы». «Знешні дзяржаўны доўг складзе 21,1 % ВУП (мы маем парог не больш за 25 %). Унутраны дзяржаўны доўг складзе 3 % пры парозе не больш за 20 %. Плацяжы на абслугоўванне дзяржаўнага доўгу – 7,8 % да даходаў рэспубліканскага бюджэту (парогавае значэнне – не больш за 10 %)», – заявіў Андрэй Харкавец.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары