У Магілёве адзначылі Багач. Агляд падзеяў культуры.


У Магілёве адзначылі нашае традыцыйнае свята – Багач, якое ладзілася ў вёсках, калі ўвесь ураджай з палёў быў сабраны. Багач – гэта паганская назва, а ёсць яшчэ і хрысціянскае найменне – нараджэнне Божае маці. Бо, як шмат якія іншыя нашыя святы, Багач меў два бакі.

У Этнаграфічным музеі Магілёва хлапцы і дзяўчаты з этнаграфічнага таварыства заспявалі народныя песні, а працаўнікі музею распавялі пра гэтае ўнікальнае свята, якое адзначалася толькі ў Беларусі.

ЖАННА КЛІМУЦЬ, ЭТНАГРАФІЧНЫ МУЗЕЙ:
“Гэта свята кожнай вёскі, якая дзякуе Богу за багаты ўраджай, таму ўсе двары прыносяць па жменьцы зерня, зерне ссыпаецца. Запрашаюць святара, каб ён асвяціў, каб у кожнага гаспадара быў ураджай”.

Няхай і не ў вёсцы, а ў цэнтры Магілёва, але затое – з адным з найлепшых беларускіх дудароў – Васілём Шкіндэрам, які адмыслова прыехаў на свята з Лепелю. Свята ўраджаю і нашую традыцыю ўшанавалі і песнямі, і танцамі, і карагодамі.

Што ж да Багача, то цяпер яго ў вёсках амаль не ладзяць, а такія імпрэзы маюць не меншае адукацыйнае, чым забаўляльнае значэнне. Аднак забава ўдалася на славу, а значыць, традыцыя мае шанец захавацца.

Іншыя тэмы: Уладзімір Арлоў прэзентаваў новы зборнік паэзіі. У Кёльне адчынілася выстава Арта Шпігельмана.

belsat.eu

Стужка навінаў