Арлоў: Даваў аўтографы і толькі 2 памылкі зрабіў


Пісьменнік Уладзімір Арлоў прэзентаваў у Менску новую кнігу вершаў “Свецяцца вокны, ды нікога за імі”, надрукаваную беларускаю лацінкаю.

Пісьменнік нагадаў, што беларуская лацінка мае сваю даўнюю традыцыю. На ёй напісаныя шмат якія помнікі беларускай літаратуры («Хроніка Быхаўца», «Ліст да Абуховіча» ды інш.). Класікі беларускай літаратуры таксама друкавалі свае кнігі лацінскім шрыфтам, на лацінцы паралельна з кірыліцай у пачатку ХХ стагоддзя выходзіла «Наша Ніва», якая адыграла выключную ролю у фармаванні беларускай нацыі.

«Кожны адукаваны беларус павінен ведаць лацінку», – упэўнены літаратар. Ён заўважыў, што сам штораз больш упэўнена піша лацінкаю і, раздаючы аўтографы, памыліўся толькі двойчы.

Пісьменнік намерваўся першапачаткова апублікаваць новую кнігу толькі на лацінцы, але з цягам часу усё ж вырашыў выдаць у двух версіях беларускай графікі: і кірыліцаю, і лацінкаю.

У кароткай прадмове Уладзімір Арлоў адзначыў: «Бывае так, што збярэшся пісаць раман, раскладзеш перад сабой чыстыя лісты паперы, а пачнуць пісацца вершы. Так адбылося і са мною. Давялося на некалькі гадоў адкласці прозу. Гэты зборнік стане своеасабліваю памяццю пра маё доўгае падарожжа да берагоў прозы».

Ідэя выдаць кнігу і кірыліцай, і лацінкаю спадабалася Валянціну Акудовічу, які стаў яе рэдактарам. Аднак ён заўважыў, што калі ўсюды ўжываць нязвыклую для зрусіфікаваных беларусаў лацінку, то гэта толькі пагоршыць незайздроснае становішча беларускай мовы.

Спонсар кнігі Павел Бераговіч, які прыехаў на прэзентацыю з Екацярынбургу, адзначыў, што чытанне беларускай лацінкі – гэта добры спосаб удасканаліць сваю мову. Новую кнігу Арлова мецэнат назваў дапаможнікам па беларускай мове.

belsat.eu

Стужка навінаў