Грамадзянаў Расеі вызвалілі з-пад арышту


Тэрмін зняволення большасці з іх скончыцца 4 студзеня.

Увечары 29 снежня вызвалілі з-пад арышту ўсіх 11 грамадзянаў Расеі, якіх затрымалі ў Менску 19–20 снежня падчас несанкцыянаваных акцыяў беларускай апазіцыі. Траім з іх прысудзілі 10 дзён арышту, якія мінулі 29 снежня, яшчэ васьмярым – 15 дзён, якія скончацца 4 студзеня.

Як паведаміў дарадца амбасады Расейскай Федэрацыі ў Беларусі Вадзім Гусеў, іх вызвалілі дзякуючы актыўным захадам расейскага боку. Ён адмовіўся каментаваць, на падставе якой пастановы або дакументу гэта адбылося.

Нагадаем, што 27 снежня статс-сакратар – намеснік міністра замежных справаў Расеі Рыгор Карасін падчас тэлефоннай размовы з амбасадарам Беларусі ў РФ Васілём Даўгалёвым настойваў на неадкладным вызваленні расяянаў. Ён падкрэсліў, што, калі беларускі бок будзе зацягваць з развязаннем, гэта негатыўна паўплывае на двухбаковыя адносіны між краінамі.

27 снежня Менскі гарадскі суд разгледзеў скаргі 9 грамадзянаў Расеі і пакінуў у сіле рашэнні раённых судоў сталіцы, паводле якіх яны атрымалі розныя тэрміны арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Яшчэ дзве скаргі расейцаў мусілі разгледзець 30 снежня.

“Амбасада Расеі не задаволеная такім заканчэннем”, – заявіў у той жа дзень Вадзім Гусеў. Тады ж ён паведаміў пра намер абскардзіць гэтае рашэнне ў Вярхоўным судзе Беларусі. 28 снежня туды перадалі скаргі 8 грамадзянаў Расеі.

belsat.eu

Стужка навінаў