Апазіцыя распачынае новую кампанію (Дапоўнена)


Выбары не адбыліся, лічаць апаненты ўладаў. Яны распачынаюць кампанію інфармавання грамадзянаў “аб рэальных выніках выбараў”.

Пра гэта заявілі 25 верасня на прэс-канферэнцыі ў Менску прадстаўнікі сямі апазіцыйных структураў.

“Жахлівыя для ўладаў лічбы”

“Паводле тых звестак, якія мы атрымалі ад нашых людзей, якія бралі ўдзел у розных сетках незалежнага назірання, мы канстатуем, што больш як палова выбарцаў Беларусі не брала ўдзелу ў галасаванні. У Менску гэтая лічба яшчэ больш жахлівая для ўладаў – дзве траціны выбарцаў не прыйшлі на ўчасткі. Гэта пацвярджаецца звесткамі назіральнікаў і тых, хто працаваў у камісіях. Гэта дае нам падставы заявіць, што гэтак званыя выбары не адбыліся, яны не могуць мець юрыдычных наступстваў для Беларусі. У нас няма абраных дэпутатаў, няма парламенту – на яго месцы ўтварылася чорная дзірка”, – заявіў лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Паводле палітыка, розныя сеткі назіральнікаў вялі падлік яўкі больш як на 1300 выбарчых участках. “Нават сацыёлагі бяруць выбарку 1500 чалавек і лічаць яе рэпрэзентатыўнаю”, – зазначыў ён.

Звесткі ўсіх назіральнікаў прыблізна аднолькавыя

Сустаршыня аргкамітэту стварэння партыі БХД Віталь Рымашэўскі зазначыў, што звесткі ў назіральнікаў ад розных партыяў і арганізацыяў “практычна супадаюць”.

“Ці гэта кампанія назірання “За справядлівыя выбары”, ці “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, ці назіральнікі ад БХД або незалежныя назіральнікі ад іншых арганізацыяў – ва ўсіх практычна аднолькавыя лічбы, разбежка адзін-два адсоткі. Прычым гэтыя кампаніі ніяк паміж сабою не каардынаваліся”, – заявіў Рымашэўскі.

{movie}Віктар Івашкевіч: “Размягчыць” рэжым не ўдасца.|left|6534{/movie}Удзельнікі прэс-канферэнцыі прызналі, што ў сельскай мясцовасці незалежнага назірання не вялося. Аднак, як заўважыў лідар аргкамітэту стварэння “Беларускага руху” Віктар Івашкевіч, згодна з апошнім перапісам насельніцтва 75 % жыхароў Беларусі жывуць у гарадах. “Беларусь ужо не калгасная і не вясковая краіна, таму мы можам казаць, што лічбы назірання адлюстроўваюць пазіцыю большасці”, – мяркуе Івашкевіч.

Хто будзе праводзіць кампанію

Кампанію будуць ладзіць Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП), міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Малады фронт” (Чэхія), аргкамітэты стварэння партыяў “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД) і “Беларускі рух”, Незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, Рада беларускай інтэлігенцыі ды грамадзянская кампанія “Еўрапейская Беларусь”.

belsat.eu

Стужка навінаў