За хуткасць галасавання – у Кнігу рэкордаў Гінэса


Назіральнік кампаніі “За справядлівыя выбары” Станіслаў Яленскі плануе хадайнічаць аб уключэнні ў Кнігу рэкордаў Гінэса ўчастковай камісіі – за хуткасць галасавання выбарцаў у хатах.

Як растлумачыў Яленскі, 23 верасня на ўчастку № 27 Гомельскай-Савецкай акругі ён удзельнічаў у назіранні і зафіксаваў “незвычайныя сітуацыі”: чальцы ўчастковай камісіі накіраваліся са скрыняю для галасавання па хатах, адсутнічалі паўтары гадзіны, і за гэты час прагаласавалі дома 385 выбарцаў.

“Груба кажучы, за 100 хвілінаў прагаласавалі 385 выбарцаў, гэта значыць адзін чалавек за 15 секунд. А калі ўлічыць, што яшчэ патрэбны час на дарогу, пад’ём па лесвіцы і гэтак далей, гэта проста неверагодная хуткасць”, – сказаў Яленскі.

Ён прадэманстраваў копію выніковага пратаколу і звярнуў увагу на тое, што старшыня ўчастковай камісіі ды ягоны намеснік дакументу не падпісалі, там стаяць аўтографы толькі членаў камісіі. “У кіраўніцтва камісіі хапіла розуму не падпісваць пратаколу. Гэтымі подпісамі члены камісіі распісаліся пад крымінальным артыкулам. Бо і яўка ў дзень галасавання, паводле нашых звестак і звестак камісіі, адрозніваліся. Я заўсёды ведаў, што выбары – гэта “дурыбары”, але ўсё ж першы раз удзельнічаў у назіранні. І скажу, што агіднае адчуванне засталося”, – заявіў назіральнік.

Яленскі адзначыў, што ўчастак для галасавання месціўся ў інтэрнаце Гомельскага тэхнічнага ўніверсітэту імя Сухога, а камісія складалася з працаўнікоў гэтай ВНУ. Паводле Яленскага, вахцёры інтэрнату таксама былі задзеяныя ў выбарах — арганізоўвалі датэрміновае галасаванне студэнтаў.

belsat.eu

Стужка навінаў