Праваслаўная Царква хоча далучыць Украіну і Беларусь да Расеі


У Маскве распачаўся збор подпісаў за правядзенне рэферэндуму, на якім плануецца закрануць пытанне ўз’яднання Расеі, Украіны і Беларусі. Пра гэта паведаміў старшыня па ўзаемаадносінах РПЦ і грамадства, протаіерэй Усевалад Чаплін, піша «Інтэрфакс».

Паводле Чапліна, падпісанне адмысловай хартыі пачалося 21 верасня ў гадавіну перамогі на Куліковым полі. Аўтары ідэі лічаць, што «раз’яднанне» трох народаў адбылося штучна ды перашкаджае іх развіццю і дабрабыту.

Хартыю можа падпісаць кожны зацікаўлены. У ёй змяшчаецца прапанова да прэзідэнтаў трох рэспублікаў спрыяць рыхтаванню і правядзенню ўсеагульнага рэферэндуму, на які будзе пастаўленае пытанне пра ўз’яднанне трох славянскіх народаў у канфедэрацыі. Дакумент адзначае, што да канфедэрацыі могуць далучыцца таксама іншыя краіны.

Выкладчык гісторыі Царквы ў Люблінскім каталіцкім універсітэце, прафесар а. Ян Валькуш мяркуе, што «ў гэтым выпадку Праваслаўная Царква ёсць інструментам расейскіх уладаў». Паводле навукоўца, расейская Праваслаўная Царква заўсёды была ў наўпроставай залежнасці ад кіраўніка дзяржавы. «Царква ў Расеі заўжды падпарадкоўвалася некаму – ці то Пятру І, ці то іншаму самадзержцу або нават Сталіну», – падкрэсліў а. Валькуш. Таму ініцыятыва аб’яднання хутчэй паходзіць ад расейскіх дзяржаўных вярхоў, мяркуе ён.

«Царква можа ўмешвацца ў палітыку, гэта нават яе абавязак, але толькі для абароны фундаментальных каштоўнасцяў, праўды і справядлівасці», – падкрэсліў святар. На ягоную думку, цяжка ўпісаць сюды справу палітычнага аб’яднання пад чыёйсьці эгідаю.

belsat.eu

Стужка навінаў